Цэны на нафту яшчэ трохі апусціліся за мінулы тыдзень. У пятніцу амерыканская светлая нафта прадавалася за $56,66 за барэль. Упершыню за два месяцы яна патаннела ніжэй за калідор $57-62, у якім была з пачатку мая.

Нафта Brent каштуе $61,86.

Аналітыкі звязваюць новае падзенне цэнаў з дасягненнямі амерыканскіх нафтавікоў. Яны дабіліся зніжэння сярэдняга сабекошту здабычы нафты з 35 да 20 даляраў, паведамляе Ройтэрз. Гэта адбылося ў выніку закрыцця тых свідравінаў, дзе здабыча заскладаная і дарагая. Прычым амерыканцы валодаюць такімі тэхналогіямі, пры якіх кансервацыя і раскансервацыя свідравін каштуе адносна нядорага.

Шэсць месяцаў колькасць свідравін у ЗША падала, і вось пачала расці. За тыдзень іх лічба вырасла на 12 да 640, і рынак адразу на гэта зрэагаваў.

Цэны на нафту вызначае прапанова — яна застаецца высокай.

Пры цэнах на «чорнае золата» ў раёне 60 даляраў частка амерыканскіх радовішчаў прастойвае. Калі цэны ўзнімаюцца, здабыча робіцца прыбытковай і там.

Сабекошт здабычы нафты ў Расіі — адзін з самых высокіх высокіх у свеце, каля 46 даляраў за барэль. Гэта тлумачыцца як асаблівасцямі геалогіі, так і ўмовамі крайняй поўначы, а таксама неэфектыўнасцю расійскіх кампаній.

У выніку зніжэння цэнаў на нафту Расія растраціла за год каля 150 мільярдаў даляраў са сваіх золатавалютных запасаў і вымушаная была абмежаваць маштаб сваёй агрэсіі ва Украіне, якая дорага каштавала расійскаму бюджэту.

ВУП Беларусі за першыя пяць месяцаў гэтага года знізіўся на 3%. Хоць наша краіна сама здабывае толькі 8% нафты ад тых, што ў нас перапрацоўваецца, але Аляксандр Лукашэнка збудаваў сістэму, пры якой наша эканоміка цалкам завязаная на расійскай.

Да таго ж, зніжэнне цэнаў на энерганосьбіты прывяло і да змяншэння і расійскіх субсідый Беларусі ў форме заніжаных цэнаў на нафту і газ.

На Расію прыпадае прыкладна палова замежнаганадлёвага абароту Беларусі, а тая траціна яго, што прыходзіцца на Еўрасаюз, таксама складаецца пераважна з экспарту нафтапрадуктаў, вырабленых з расійскай сыравіны. Таму стагнацыя расійскай эканомікі прывяла да заняпаду беларускай. 

Росту цэнаў на нафту аналітыкі пакуль не прагназуюць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?