Грузія праз Еўрапейскі суд па правах чалавека (ЕСПЧ) запатрабавала ад Расіі кампенсацыю ў памеры 70,32 млн еўра за масавую дэпартацыю грузінаў у 2006 годзе.

У грузінскім мінюсце паведамілі, што пры вызначэнні сумы патрабаванай кампенсацыі яны зыходзілі з прэцэдэнтных рашэнняў ЕСПЧ па падобных справах.

У ліпені 2014 ЕСПЧ знайшоў парушэнні некалькіх артыкулаў Еўрапейскай канвенцыі па правах чалавека з боку Расіі. На вызначэнне сумы кампенсацыі ЕСПЧ даў бакам год, аднак, паводле сцвярджэнняў грузінскага мінюста, з Расіі адказ так і не паступіў.

У 2006 годзе пасля арышту ў Грузіі некалькіх супрацоўнікаў расійскага галоўнага разведвальнага ўпраўлення па абвінавачванні ў шпіянажы Расія пачала высылаць грамадзян Грузіі, якія знаходзяцца на тэрыторыі РФ без віз.

Паводле дадзеных мінюста Грузіі, тады былі дэпартаваныя больш за 4,5 тысяч чалавек.

У пазове, пададзеным у суд у Страсбургу, сцвярджалася, што пасля масавых затрыманняў і арыштаў па меншай меры 2380 грамадзян Грузіі ўтрымліваліся ў кепскіх умовах.

Расійскі бок адмаўляе абвінавачванні ў парушэнні правоў этнічных грузінаў, заяўляючы, што рабіліся захады для прадухілення нелегальнай міграцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?