Вахітаўскі раённы суд Казані аштрафаваў на 10 тысяч рублёў (177 даляраў) актывістаў, якія патрабуюць адмены рашэння аб перайменаванні адной з вуліц горада ў гонар прэзідэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева.

Як вырашыў суд, Леанід Абойшаў і Вольга Юхноўская ўдзельнічалі ў несанкцыянаваным публічным мерапрыемстве 3 ліпеня. У той дзень чацвёра актывістаў былі затрыманыя каля Дома дружбы народаў, дзе праходзіла ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае перайменаванню вуліцы.

Удзельнікі акцыі, якую арганізатары назвалі «лекцыяй-прагулкай», трымалі ў руках аркушы фармату А4 з ранейшай назвай вуліцы — Эсперанта. Справы яшчэ дваіх затрыманых — Алсу Шакіравай і Артура Гафарава — суд у панядзелак разгледзець не паспеў.

Вуліца Эсперанта была перайменаваная ў вуліцу Назарбаева пастановай гарвыканкама Казані ад 26 чэрвеня. Ініцыятыва належала кіраўніку нацыянальна-культурнай аўтаноміі казахаў Татарстана Сагіту Джаксыбаеву: на яго думку, гэты жэст дапаможа пашырыць сувязі Татарстана з Казахстанам.

У цяперашні час пад петыцыяй супраць перайменавання вуліцы на сайце Change.org сабрана каля 3700 подпісаў. На партале дзяржпаслуг Татарстана скаргу падтрымалі больш за 1300 чалавек.

У падтрымку перайменавання выказаліся прадстаўнікі ўладаў рэспублікі і дэпутаты некалькіх партый. Пры гэтым мэр Казані Ільсур Мятшын папрасіў прабачэння перад жыхарамі вуліцы і прызнаў, што трэба было правесці больш шырокае грамадскае абмеркаванне.

Вуліца Эсперанта насіла гэтую назву ў перыяд з 1927 па 1947 і з 1988 года па 2015. У перыяд з 1947 па 1988 вуліца насіла імя Андрэя Жданава.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?