Франтавы бамбардзіроўшчык Су-24М пацярпеў крушэнне ў Хабараўскам краі, два лётчыкі загінулі.

Пра гэта паведамляе расійскі «Інтэрфакс» са спасылкай на Мінабароны РФ.

«Самалёт пацярпеў катастрофу пры ўзлёце для выканання планавага вучэбна-трэніровачнага палёту ў раёне аэрадрома Хурба (Хабараўскі край). Паводле дакладу з месца, абодва лётчыкі загінулі», — паведаміла міністэрства.

Паводле паведамлення, самалёт упаў у 14:35 ў бязлюдным раёне, на зямлі разбурэнняў няма.

Палёты Су-24М у Расіі прыпынілі да высвятлення прычын катастрофы.

Агенцтва ў сваю чаргу са спасылкай на сваю крыніцу ў сілавых структурах рэгіёну паведаміла, што прычынай катастрофы бамбавіка стала, хутчэй за ўсё, тэхнічная няспраўнасць самалёта.

«Паводле папярэдніх дакладаў з месца лётнага здарэння, прычынай катастрофы бамбавіка стала адмова тэхнікі», — сказаў суразмоўца агенцтва.

Цяперашняя катастрофа з Су-24М — гэта ўжо пятае лётнае здарэнне з баявымі самалётамі ВПС Расіі на працягу апошняга месяца. Так, у пачатку чэрвеня на палігоне «Ашулук» разбіўся знішчальнік МіГ-29, у Варонежскай вобласці пры здзяйсненні пасадкі пацярпеў аварыю франтавы бамбардзіроўшчык Су-34, у Прыамур'і выкаціўся за межы УПП і згарэў стратэгічны ракетаносец Ту-95, тры дні таму ў Краснадарскім краі разбіўся знішчальнік МіГ-29.

Апошняя катастрофа з бамбавіком Су-24 адбылася ў лютым 2015 года у Валгаградскай вобласці, абодва пілоты загінулі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?