На маю думку, дата беларускага Купалля 6 ліпеня — правільная. Пагартайце падшыўкі «Нашай Нівы» 1910 і 1911 года, тады свята прыпадала на ноч з 23 на 24 чэрвеня старога стылю.
Гэтую ж дату фіксуе і Кіркор у ранейшай «Живописной России» (1882). А менавіта з тагачасных народных абрадаў Купалле і трапіла ў святы беларускага народу, які тады адраджаўся, г.зн. з канкрэтнай датай, а не тэарэтычнымі выкладкамі пра сонцастаянне і розніцу між юліянскім і грыгарыянскім календаром.
Беларусы святкавалі Купалле так, як святкавалі, і калі яны прывязвалі гэта да хрысціянскага свята, якое святкавалася паводле адпаведнага календара, то на тое была іх воля. Калі нехта цікавіцца традыцыяй, то дзіўна тэарэтызаваць, а не прымаць яе як ёсць. Юліянскі каляндар быў у праваслаўнай царквы ВКЛ, працягнуўся ва ўніяцкай аж да 1839, калі яе скасавалі, і далей быў у праваслаўнай. То бок, традыцыя святкаваць у дату, адрозную ад непасрэднай даты сонцастаяння, трывала стагоддзямі.
Пад пытаннем — што было ў беларускіх каталікоў, г.зн. у той часткі ўніятаў, што не перайшла ў праваслаўе. Тут просьба да больш дасведчаных спецыялістаў асвятліць гэты момант. З афіцыйным прыняццем грыгарыянскага календара Купалле прыпала адпаведна на ноч з 6 на 7 ліпеня. Святкаваць Купалле раней — гэта нейкая мадыфікацыя традыцыі.





