З пабачанага на вуліцы: жанчына вядзе сяброўскую экскурсію па Мінску для невялічкай групкі знаёмцаў, мяркуючы па іх акцэнце, з Масквы. На перакрыжаванні Праспекта і Валадарскага, стоячы за два крокі ад дома, дзе была абвешчаная БНР, яна паказвае на няўцямны будынак і кажа: «А вось гэта Калегія судовых экспертыз». Яе оптыка погляду на горад крыху здзіўляе, але слухаем далей!

Загараецца зялёнае святло, яна пераходзіць вуліцу і ўрачыста абвяшчае, паказаўшы на Пішчалаўскі замак: «Вось гэта нашае СІЗА нумар адзін!» Потым яна робіць колькі крокаў у бок Цэнтральнага, і кажа сваім суразмоўцам: «А вось там, са статуямі, — будынак МУС, а адразу жа ім, жоўценькі — КДБ». «Гэта там дзе наш бацька працуе!» — з гонарам уступае малы хлопчык, што ідзе з ёй поруч. І неяк усё адразу робіцца зразумелым.

Для пэўных людзей горад — гэта геаграфія тэатраў, галерэй ды кнігарняў; для іншых (са мной у іх ліку) — россып верандаў з wi fi, дзе можна засесці за пісаніну; для трэціх ён — сістэма пенітэнцыярных і праваахоўных установаў, для чацвёртых — павуцінне вышак сотавай сувязі, для пятых горад вымяраецца шопінгам ды буцікамі, для шостых — гісторыяй і месцамі, дзе яна здзяйснялася.

Дык вось, ёсць асобны час у ліпені-жніўні (і ён ужо надышоў, дарагія таварышы!), калі ў значнай часткі нашых суграмадзян уключаецца ген асаблівага, я б нават сказаў, выключнага, бачання горада. Гэта погляд на любы населены пункт у кантэксце наяўнасці вады — вялікай ці малой. Але вада ім патрэбная не для таго, каб купацца. Ля вады яны жадаюць раздзецца. Для таго, каб навесці загар. Для таго, каб быць прыгожымі.

Я — чалавек, які вырас у Зялёным Лузе, ля Цнянскага вадасховішча. З ранняга дзяцінства я прызвычаіўся да таго, што з чэрвеня па жнівень універсам «Паўночны» запаўняюць апранутыя ў трусялі гобліны з бронзавымі торсамі, жоўценькімі шлёпкамі на ступнях і паголенымі лыткамі — каб паскорыць наданне нагам шакаладнага колеру, які, як яны лічаць, вельмі пасуе канечнасцям любога сапраўднага мужыка.

Як толькі тэрмометр паказвае дваццаць і болей градусаў, у галовах усіх гэтых low-budget-macho гучыць гонг, што пераўтварае іх у зомбі. Але калі класічны замбак прагне чалавечыны, яны прагнуць месца, дзе можна было б раздзецца. Раздзеўшыся, зомбі ніколі не адзяваюцца назад. Ні ў краме, куды яны прыходзяць узнавіць запасы піва. Ні ў тралейбусе. Ні ў цэнтры горада.

Раздзетасць з’яўляецца мовай іх гоблінскай свабоды. Увесь год, усе астатнія месяцы, яны вымушана хаваюць сваё цела пад налётам цывілізаванасці. А тут прыходзіць ліпень, пракатваецца па горадзе Свята, робіцца спякотна, і вось чалавек, што фігачыць уздоўж праспекта ў адных клятчастых шортах, без цішоткі, ужо выглядае цалкам нармальным. Ён з пляжу. Яму можна.

Вось тут на поўным сур’ёзе прапануецца прымаць сонечныя ванны ля фантанаў і нават даецца іх пералік. То сцеражыцеся: хутка раздзявацца пачнуць нават ля каналізацыйных люкаў — за імі ж таксама ёсць нейкая вада.

І не трэба блытаць паняцці: гэта не нармкор. Нармкор паходзіць ад таго, што бобо, г.зн. новая digital-буржуазія, людзі, прыбыткі якіх не залежаць ад таго, як яны выглядаюць, пачынаюць выходзіць на вуліцу так, як ходзяць па доме. Пляжнікі — гэта людзі, якія прадумана раздзяваюцца, каб прадэманстраваць усім, якія яны прыгожыя ды дасканалыя скурай. І нармкораўцы, і біч-бойз могуць быць адзетыя ў шорты, але першыя — таму, што выйшлі ў краму так, як сядзелі за кампом, другія — таму, што так лепей бачныя іх камбалападобныя мышцы.

І ўсё гэта, канечне, не пра спробу збегчы ад спякоты. Калі горача, апошняе, што варта рабіць, — ісці на самае сонца і гуляць там у пляжны валейбол. А потым, з мокрым ручнічком на аголеным плячы, ганарыста ехаць праз увесь горад на 53-м тралейбусе, дэманструючы, які ты, блін спартыўны і бронзавы.

Ад спякоты варта хавацца на патаемным возеры ці на адным з пляжаў Мінскага мора, якія, бы перліны, рассыпаныя па берагах: нават у выходныя тут не бывае натоўпу. Калі горача, можна з’ехаць на лецішча, узяць намёт і сысці з сябрамі ў лес ці наведаць адну са сцюдзёных рэчак, што аплялі мінскае наваколле. Іслач, Вілія, Свіслач — на любой з іх без праблем можна знайсці зацішнае месца, дзе ты будзеш сам-насам з вадой.

Але хлопцам з пляжу натоўп не толькі не замінае, ён ім патрэбны. Прайдзіцеся ўздоўж вуліцы Каліноўскага, завітайце на Чыжоўку, і вы пабачыце ўсё на ўласныя вочы!

Там, ля смярдзючай зацвілай вады вадаёмаў, што прызначаліся для суправаджэння тэхналагічных працэсаў буйных заводаў! На парапетах, на лавах і разасланых покрыўках! Гэта конкурс мужчынскай прыгажосці, спаборніцтва ў бронзавасці і паголенасці падпах! Яны выходзяць на пляж як на подыум. Яны нават загараюць і піва п’юць карцінна.

Цягам жыцця іх цела змяняецца, але не іх дух. Нават калі яны спыняюць качацца, калі ў іх адрастаюць піўныя жываты, а на нагах праступаюць добра бачныя блакітныя вены, яны працягваюць хадзіць на пляж і смажыць гэта ўсё ў карычневы колер.

Ветэранаў былой цялеснай славы хапае на любым гарадскім грылятніку — іх рухі павольныя і велічныя, на іх тварах — выраз рымскіх статуй, якія добра ўсведамляюць уласнае суперыёрства ў дачыненні да ўсіх астатніх, бялявых і нявелічных. У іх руках ніколі не ўбачыш кнігі, бо кніга псуе постаць, а постаць у жыцці — самае галоўнае.

На шмат якіх станцыях метро ў гэтыя дні можна пабачыць дзіўнаватую рэкламу: велізарны, формай сваёй падобны на мурашнік гатэль на ўзбярэжжы, і цэлая рота лежакоў ля яго — быццам адпачываць тут сабраліся кузуркі. Дык вось, чалавек, пабачыўшы гэты россып лежакоў, скаланецца: ну каму нармальнаму захочацца быць мурашкай, пясчынкай сярод іншых пясчынак?

Але логіка біч-бойз іншая: шмат людзей — шмат вачэй, што здолеюць зацаніць іх раздзетасць, шмат «дзяўчонак» ды канкурэнтаў, з якімі можна было б супаставіць уласны загар.

Гарадскі пляж — месца, дзе культура адсыхае і скалупваецца з людзей, як скура пасля моцнага сонечнага апёку. Пераапраналкі, залітыя кроплямі вады з аджатых трусоў; дзіцячы віск; раскіданае паміж ручнікамі смецце; гучныя мацюкі тых, хто гуляецца з мячом, — я бягу ад гэтага ўсяго як мага далей.

На жаль, як толькі ўдаецца схавацца надзейна і далёка, пляж сустракае ў самым аддаленым ад вадаёму месцы: на любімай вуліцы, у цяністым парку, на верандзе той кавярні, дзе ты спрабуеш пісаць свае тэксты…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?