Фота: loudcanary.com

Фота: loudcanary.com

Востраў Ааху апошнім з гавайскіх астравоў забараніў пластыкавыя пакеты. Такім чынам Гаваі сталі першым штатам ЗША, у якім пад поўную забарону трапілі пакеты, зробленыя з неэкалагічных матэрыялаў, паведамляе Mashable. Забарона набудзе сілу ў наступную сераду.

На Гаваях прадаўцы не змогуць даваць пакупнікам поліэтыленавыя пакеты — толькі аднаразовыя пакеты з экалагічных матэрыялаў (такія, што хутка раскладуцца ў глебе) альбо шматразовыя торбы.

Парушальнікі атрымаюць штраф у памеры 100-1000 даляраў за дзень працы з парушэннямі.

Закон на Ааху мае шэраг выключэнняў: у пластыкавыя пакеты дазволена пакаваць садавіну і гародніну, арэхі, мяса, фрукты, кветкі і некаторыя іншыя тавары, рэстарацыі змогуць пакаваць у поліэтылен ежу навынас.

Падобную забарону разглядае штат Каліфорнія — пластыкавыя пакеты ўжо забароненыя ў Сан-Францыска. Як паказала практыка з прызнаннем аднаполых шлюбаў, «парад законаў» штатаў можа прывесці да прыняцця законаў на федэральным узроўні.

Пластыкавыя пакеты ўжо забароненыя ў розных формах у некаторых краінах свету: Кітаі, Індыі, Італіі, Паўднёвай Афрыцы… Іншыя краіны ўводзяць падаткі на іх. Еўрасаюз прыняў у 2014 годзе дырэктыву па змяншэнні выкарыстання пластыкавых пакетаў на 80% да 2019 года.

Звычайныя поліэтыленавыя пакеты заўважна забруджваюць навакольнае асяроддзе, у прыродзе яны раскладаюцца недапушчальна доўга. Пакеты не толькі падвышаюць засмечанасць і забіваюць вадасцёкі — ад іх гіне мноства жывёл. Напрыклад, ад паядання пакетаў у Індыі гіне 20 кароў штодзень, у сусветным акіяне — 100 тысяч кітоў, цюленяў і чарапах штогод. Нафты, патрэбнай на адзін пакет, звычайнаму аўтамабілю хопіць на 11 метраў дарогі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?