Канфлікт паміж кітайскімі рабочымі, занятымі на будаўніцтве кардоннай фабрыкі ў Добрушы, і кампаніяй Xuan Yuan Industrial Development Co. LTD, генпадрадчыкам будаўніцтва, вычарпаны. 

«Сітуацыя ўрэгуляваная. Усю зарплату, якая ім налічаная, выплацілі, даўгоў няма», — паведаміў БелаПАН супрацоўнік прадстаўніцтва кітайскай кампаніі ў Беларусі, які адмовіўся назваць сваё імя. 

Паводле яго слоў, «гэта была незадаволенасць прыкладна 10—20 чалавек, якія выступілі завадатарамі пратэстных мерапрыемстваў». «Гэта ж мужчынскі калектыў на вельмі невялікай тэрыторыі зямлі. Вядома, ёсць нейкія незадаволенасці, нейкія пажаданні. Гэта натуральна», — сказаў прадстаўнік кітайскай кампаніі. 

На пытанне, на працягу якога часу людзям не плацілі зарплату, ён не змог адказаць. Не змог назваць і суму завінавачанасці. 

На сённяшні дзень, дадаў супрацоўнік кампаніі, большасць удзельнікаў пратэсту аднавілі працу. «Работа ідзе, таму што ўсе добра разумеюць, што аб'ект павінен быць здадзены своечасова», — сказаў ён. 

Што да магчымай дэпартацыі завадатараў пратэсту, якую раней не выключаў старшыня канцэрна «Беллеспаперапрам» Юрый Назараў, то гэта пытанне, паводле слоў прадстаўніка кітайскай кампаніі, знаходзіцца ў кампетэнцыі дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС. 

Нагадаем, прыкладна 200 кітайскіх рабочых, занятых на будаўніцтве Добрушскага кардоннага камбіната, раніцай 2 ліпеня адправіліся пешшу ў Гомель, пратэстуючы такім чынам супраць нявыплаты зарплаты. Будаўніцтва вядзе кітайская карпарацыя Xuan Yuan Industrial Development Co., LTD, яна ж плаціць будаўнікам з КНР заработную плату, якую, як сцвярджалі рабочыя, яны не атрымлівалі ўжо тры месяцы. 

Акцыя прыцягнула ўвагу СМІ, і ўдзельнікі пратэсту сустрэліся з паслом Кітая Цуй Цымінам. У той жа дзень кіраўнік канцэрна «Беллеспаперапрам» Юрый Назараў сказаў журналістам, што ў дачыненні да «завадатараў» акцыі можа быць ужытая дэпартацыя з Беларусі. 

Вядома таксама, што сёння, 7 ліпеня, Юрый Назараў і намеснік кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі Мікалай Снапкоў наведалі Добруш, каб на месцы азнаёміцца з сітуацыяй, аднак падрабязнасці іх паездкі невядомыя.

Глядзіце таксама: «Нахрэн яны тут патрэбны? Працу ў нас забіраюць»: жыхары Добруша пра кітайцаў ВІДЭААПЫТАНКА

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?