Прэм'ер-міністр Грэцыі Алексіс Цыпрас звярнуўся да Еўрапейскага парламента з заявай, што канкрэтныя прапановы па выхадзе з фінансавага крызісу будуць пададзеныя да заканчэння тэрміну, пазначанага крэдыторамі.

Краіны еўразоны далі Грэцыі тэрмін да чацвярга, каб выйсці з новымі прапановамі, неабходнымі для пагаднення з крэдыторамі. Наступны саміт ЕС пройдзе ў нядзелю.

Гэтыя рашэнні прынятыя пасля надзвычайнай сустрэчы лідараў еўразоны ў Бруселі.

«Я ўпэўнены, што ў бліжэйшыя два-тры дні мы зможам выканаць нашы абавязацельствы ў інтарэсах Грэцыі і ўсёй еўразоны», - сказаў Цыпрас, выступаючы ў Страсбургу на сесіі Еўрапарламента.

«Нашы прапановы па фінансавым забеспячэнні нашых абавязацельстваў і рэструктурызацыі доўгу краіны не закрануць інтарэсы еўрапейскіх падаткаплацельшчыкаў», - падкрэсліў Цыпрас.

Грэчаскі прэм'ер заклікаў усе краіны Еўрасаюза працаваць разам, каб пазбегнуць «падзелу Еўропы».

Прэзідэнт Еўрасаюза Дональд Туск, які выступіў перад грэчаскім прэм'ерам, папярэдзіў, што калі пагадненне аб выплаце доўгу Грэцыяй не будзе дасягнута, гэта можа прывесці да банкруцтва Грэцыі і шэрагу геапалітычных праблем у Еўропе.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?