Ёсць у Глыбокім такі персанаж — Юзік Крулеўскі. Яго ведае кожны глыбачанін, ён даўно стаў часткай гарадскога краявіду.

Чаму Крулеўскі? Ды таму што жыве ў мястэчку Крулеўшчына. А ў Глыбокае рэгулярна прыязджае — пэўна, кожную нядзелю.

Юзік Крулеўскі — жабрак. Яму гадоў пад восемдзесят, ён ходзіць з кіёчкам і з торбай. Чаму жабрак? Ды няма прычыны, лайфстайл у чалавека такі. У яго і хата ёсць, і пенсію плоцяць, але ён шмат год займаецца жабрацтвам.

Ён часта стаіць пад гандлёвым цэнтрам «Арбіта» на плошчы Тадэвуша Касцюшкі. «Дай вам здароўя Божа. Кіньце рубель тожа!», — звяртаецца ён да мінакоў, трымаючы ў руках шапку. Людзі кідаюць. Людзі звычайна не любяць жабракоў, але да прыветлівага і каларытнага Юзіка ставяцца спагадна.

Казалі, што калі Юзіку кінуць у шапку зашмат грошай, ён скажа: «Столькі замнога!» — і верне рэшту.

Яшчэ Юзік любіць чапляцца да мінакоў. «Ты жанаты? Можа табе дзеўку сасватаць?» Або, звяртаючыся да дзячат: «Можа, табе добрага мальца знайсці?»

Я сустрэў Юзіка каля праваслаўнага сабора ў нядзелю. Ён падыйшоў да мяне: «Каб Вам Бог здароўя даў, каб Вы сто гадоў жылі і здаровымі былі! Кіньце што ў шапку!»

У Юзіка была поўная торба, наверсе якой ляжаў пачак пернікаў. Ці то нажабраваў каля «Арбіты», ці то набыў з нажабраваных грошай. Я дастаў з заплечніка пачак печыва і паклаў Юзіку ў шапку. «Дзякуй!» — кажа Юзік.

Я пайшоў да калонкі набраць вады — дзень быў спякотны і я зайшоў на царкоўны падворак адмыслова за вадой. Калі я адыходзіў, Юзік сказаў мне: «Шчасліва!»

Я шмат з кім размаўляў пра Юзіка, і ўсе адгукаюцца пра яго добрымі словамі. Ніколі не чуў, каб нехта казаў пра Юзіка кепска.

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?