Служба бяспекі Украіны (СБУ) і міністэрства ўнутраных спраў эвакуююць мірных жыхароў вёскі, размешчанай непадалёк ад горада Мукачава, дзе заблакаваныя байцы ўкраінскага руху «Правы сектар», паведамляе Бі-бі-сі.

«Улічваючы небяспеку для жыхароў вёскі, […] ажыццяўляецца эвакуацыя мірных грамадзян, у першую чаргу — дзяцей», — гаворыцца ў сумеснай заяве ведамстваў.

У СБУ і МУС пацвердзілі гатоўнасць пачаць раззбраенне байцоў «Правага сектара» і правесці затрыманні. У ведамствах абяцаюць даставіць усіх затрыманых у Кіеў «для аб'ектыўнага і непрадузятага расследавання».

Прадстаўнікі сілавых ведамстваў выказалі надзею, што лідар «Правага сектара» Дмытро Яраш акажа ўплыў на сваіх прыхільнікаў і пераканае іх скласці зброю.

«У працэсе перамоваў (прыхільнікі»Правага сектара») паведамілі, што гатовыя здацца, калі да іх звернецца Дмытро Яраш. Таму СБУ і МУС разлічваюць, што гэты народны дэпутат зробіць усё, каб пераканаць сваіх прыхільнікаў скласці зброю, якую нельга ўжыць там, дзе няма вайны, дзе жывуць выключна мірныя людзі — за тысячу кіламетраў ад зоны АТА і лініі судакранання», — гаворыцца ў паведамленні.

Напярэдадні ў Мукачаве адбылося сутыкненне з удзелам прыхільнікаў мясцовага дэпутата і байцоў «Правага сектара». Канфлікт скончыўся стралянінай, у выніку якой загінулі прынамсі два чалавекі, дзевяць чалавек атрымалі раненні.

Паводле паведамлення пракуратуры, 11 ліпеня ў Мукачаве узброеныя людзі ў камуфляжнай форме з надпісамі «Правы сектар» «з мэтай размеркавання сфер ўплыву прызначылі сустрэчу мясцовым жыхарам у кавярні», пасля чаго з-за канфлікту пачалася страляніна. Паводле версіі «Правага сектара», прыхільнікі дэпутата Ланьё «паспрабавалі фізічна знішчыць» прадстаўнікоў арганізацыі.

Камандзір 1-га запаснога батальёна ДУК «Правы сектар» распавёў сваю версію пра падзеі ў Мукачаве. Відэа запісана на мабільны тэлефон проста на месцы ўкрыцця групы ад праваахоўнікаў, паведамляе »Украінская праўда». Відэа ў сеціве размясціла прэс-служба Правага сектара.

Па словах камандзіра запаснога батальёна ДУК, іх выклікаў на перамовы мясцовы крымінальны аўтарытэт Блюк, у сувязі з тым, што яны патрулявалі мяжу і перашкаджалі кантрабандзе. Ён таксама паведаміў, што на месцы здарэння з'явіўся «невядомы спецназ», і тады пачалася страляніна.

 

Сам Яраш ў «Фэйсбуку» напісаў, што перакананы, што яго прыхільнікі дзейнічалі ў рамках самаабароны. Акрамя таго, «Правы сектар» заклікае да арышту тых, каго яны лічаць вінаватымі трагедыі, а таксама да звальнення кіраўнікоў праваахоўных органаў, піша УНІАН.

«Заклікаем працягнуць бестэрміновыя палітычныя акцыі да арышту вінаватых, на думку «Правага сектара», у трагедыі, Ланьё, Медведчука і адпраўкі ў адстаўку ўсяго кіраўніцтва сілавых структур Закарпацкай вобласці і міністра ўнутраных спраў Авакава», — гаворыцца ў заяве.

Прадстаўнікі МУС Украіны раней паведамілі аб стабілізацыі сітуацыі ў горадзе.

«На мяне па тэлефоне выйшаў камандзір групы заблакаваных у Мукачове байцоў з пазыўным «Лятун»з просьбай звязаць яго з кіраўніцтвам антытэрарыстычнага цэнтра СБУ для перамоваў аб спыненні ўзброенага супрацьстаяння, аказанні дапамогі параненым байцам, — што я і зрабіў неадкладна», — напісаў у «Фэйсбуку» пазаштатны дарадца міністра ўнутраных спраў, дэпутат Вярхоўнай рада Антон Герашчанка.

Прыхільнікі «Правага сектара» зладзілі акцыі пратэсту адразу ў некалькіх гарадах Украіны ў сувязі з падзеямі ў Мукачаве.

Мітынгі прайшлі ў Палтаве, Херсоне, Цярнопалі, Днепрапятроўску, Харкаве і Львове. У Днепрапятроўску больш за 50 прыхільнікаў арганізацыі пікетавалі будынак абласнога ўпраўлення МУС Украіны. У Львове ля ўваходу ў аблдзяржадміністрацыю з'явіліся намёты, а на трасе, якая вядзе ў Мукачава, устаноўленыя блокпосты, каб не даць магчымасць прайсці ваеннай тэхніцы.

Акцыя пратэсту працягвалася і ля адміністрацыі прэзідэнта ў Кіеве, прыхільнікі «Правага сектара» абвясцілі яе бестэрміновай. Пратэстоўцы патрабуюць адстаўкі міністра ўнутраных спраў Арсена Авакава.

Паводле паведамлення дэпутата Вярхоўнай Рады Мустафы Наема, прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка пачаў перамовы з лідарам «Правага сектара» Дмытром Ярашам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0