65-гадовы прадпрымальнік Віктар Цярэшчанка пацвердзіў, што мае намер балатавацца на прэзідэнцкіх выбарах. «Два дні таму я прыняў такое рашэнне, - сказаў Віктар Цярэшчанка. – Цяпер фарміруецца ініцыятыўная група. Спадзяюся, што ў яе ўвойдзе 1500-3000 чалавек. Гэта ўсё прагрэсіўныя людзі, усе працуючыя, але яны хочуць нешта змяніць у краіне».

фота БелаПАН

фота БелаПАН

Віктар Цярэшчанка абяцае, што 16-17 ліпеня панясе ў ЦВК заяўку на рэгістрацыю ініцытыўнай групы. Чаму прадпрымальнік вырашыў прыняць удзел у выбарах? «Ой, гэта цяжкі момант. Быў сапраўдны бой у сям’і. Вы ж разумееце, што апроч страт здароўя і сродкаў гэта нічога не прыносіць. Але трэба разумець, што галоўнае сёння – гэта не кавалак хлеба, а будучыня нашых дзяцей».

Імаверны кандыдат пакуль не называе імя кіраўніка свайго перадвыбарчага штаба. Што тычыцца каардынацыі з апазіцыйнымі кандыдатамі, то Цярэшчанка кажа, што трымае сувязь з Таццянай Караткевіч і Сяргеем Калякіным. «Размаўлялі па тэлефоне з Сяргеем Гайдукевічам. Трэба разумець, што з усімі магчымымі кандыдатамі ў нас адзінства поглядаў, вядома, будзем каардынавацца, дапамагаць адзін адному».

Віктар Цярэшчанка ўжо ў чацвёрты раз вылучаецца кандыдатам у прэзідэнты. У 1994-м і 2001-м ён не сабраў неабходныя 100 тысяч подпісаў. Зарэгістраваны Цярэшчанка кандадыдатам быў толькі аднойчы – у 2010-м. Тады ён быў адзіным кандыдатам, апроч Лукашэнкі, якога не арыштавалі ці затрымалі ў ноч пасля выбараў.

Цярэшчанка нарадзіўся ў 1950-м у Краснапольскім раёне на Магілёўшчыне. Ён кандыдат эканамічных навук. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета ХІІІ склікання. Узначальваў «Міжнародны інстытут менеджменту». Быў старшынёй Беларускай народнай партыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?