39-гадовы прадпрымальнік Уладзіслаў Цітовіч заявіў, што мае намер паўдзельнічаць у прэзідэнцкай кампаніі 2015 года. «Усё, што я раблю, раблю зыходзячы са сваёй грамадзянскай пазіцыі. За мной не стаіць ні апазіцыя, ні ўлада. У маю ініцыятыўную групу ўваходзяць сябры са школы, універсітэта, калегі».

Цітовіч кажа, што ўжо мае неабходных 100 чалавек для рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, але сам разумее, што гэтай колькасці недастаткова, каб сабраць неабходныя 100 тысяч подпісаў. «У 2012 годзе падчас парламенцкіх выбараў я сам абышоў 6 тысяч кватэр, дзе змог сабраць толькі 600 подпісаў. Астатнія сябры маёй каманды не маглі сабраць больш за 50 подпісаў». Цяпер Цітовіч працягвае набор людзей у ініцыятыўную групе. Па ягоных словах, ці будзе ён рэгістраваць ініцыятыўную групу, залежыць ад таго, колькі людзей запішацца ў яе. Запісацца можна праз старонку Цітовіча ў фэйсбуку.

«Я вырашыў балатавацца, бо не бачу перспектываў. Адзіным шляхам выхаду з сітуацыі магла б быць кансалідацыя вакол канкрэтнай асобы, я прапаную для гэтага сваю асобу», — кажа імаверны кандыдат.

Уладзіслаў Цітовіч нарадзіўся ў 1976 у Мінску. Скончыў БНТУ. Гадуе двух сыноў (9 і 5 гадоў). Жонка працуе доктарам-эндакрынолагам у 1-ай клінічнай бальніцы Мінска. Беспартыйны. У 2006-м збіраў подпісы за Аляксандра Мілінкевіча, у 2010-м — за Яраслава Раманчука. Ён кажа, што расчараваўся ў апазіцыі пасля 2010 года.

Прадпрымальнік някепска размаўляе па-беларуску. «Я ўсё жыццё размаўляў па-руску, але не так даўно ў мяне з’явілася разуменне, што беларусы павінны ўмець размаўляць на сваёй мове».

Цітовіч быў заснавальнікам фірмы «Ведуус-сэрвіс», якая займалася рамонтам ноўтбукаў. Цяпер ён спрабуе свае сілы ў будаўнічым бізнэсе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?