Шмат кажуць пра войны інфармацыйныя, гібрыдныя і не пералічыш якія яшчэ.

Але мала хто кажа аб вайне, у якой так ці гэтак удзельнічаем усе мы — вайне бюракратычнай.

Вітаю, сябры. Мяне зваць Мікітам, і сёння я ўжо ў другі раз за жыццё падаў дакументы на паступленне ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Дагэтуль ужо давялося пабываць ягоным студэнтам, але ж так склаўся лёс, што прыходзіцца паступаць зноўку… Доўгая гісторыя. Ды і ўвогуле, зараз не аб гэтым.

Кожны з нас хоць раз бачыў студэнцкі білет. Пластыкавая картка, невялічкая такая. Я захоўваў яе ў гаманцы і не надта часта выкарыстоўваў.

Але кожны раз, калі ён трапляў мне ў вочы, нейкая журбота находзіла на мяне.

Я не лічу сябе перфекцыяністам. Але я заўсёды калі і не злаваўся, дык неяк няёмка адчуваў сябе з таго, што мае імя, імя па бацьку і прозвішча пазначаны на ім па-руску, у той час як усё астатняе — форма навучання, факультэт і ўсё такое — былі напісаны па-беларуску.

Я чытаў артыкул пра дзяўчыну, якая вырашыла гэтае непаразуменне, завітаўшы ў дэканат. Але сёння, узгадаўшы аб гэтым яшчэ раз, вырашыў разабрацца з праблемай у самым яе карані. І за адным махам праверыць, ці ўвогуле магчыма гэта?

Абітурыенты ведаюць, а студэнты памятаюць, як праходзіць працэдура стварэння ўліковага запісу ў базе ўніверсітэта. Цябе фатаграфуюць, а потым з пашпарта спісваюць твае дадзеныя. На падставе гэтых дадзеных і робяцца потым амаль што ўсе звязаныя з навучальным працэсам дакументы — як заліковая кніжка, так і студэнцкі білет.

Таму, патрапіўшы на трэці паверх геафака БДУ, я вырашыў адразу выказаць свае пажаданні наконт таго, што хацеў бы бачыць у дакументах беларускую версію свайго імя.

Рэгістратарка доўга і здзіўлена паглядала на мяне, некалькі раз перапытала, з якой гэта нагоды я сабе такога надумаў. Ці мо я нацыяналіст нейкі? «Не, — растлумачыў я, — выключна эстэтычнае пытанне».

Прыйшлося паклікаць загадчыцу Таццяну Уладзіміраўну. На ламанай трасянцы тая патлумачыла мне, што гэта не па рэгламенце, ды і ўвогуле ніколі такога не было, каб абітурыент выказваў такога роду пажаданні — а яна тут дзесяць гадоў ужо працуе. У такія моманты і адчуваеш сябе самотным. Мне прапанавалі прайсці ў сакратарыят прыёмнай камісіі, дзе і папытацца, ці можна ўвогуле гэта правярнуць. Што ж, ногі ў мяне не хворыя, часу дастае — чаму б не завітаць?

Супрацоўнік (шкада, не памятаю ягонага імя), які мяне сустрэў, скептычна выслухаў маю крыху даўгаватую гісторыю, двойчы перапытаў, навошта мне гэта, але потым прамармытаў «а якія там у іх праблемы, зрэшты?» і патэлефанаваў Святлане Анатольеўне, да якой апасля мяне і накіраваў. Святлана Анатольеўна правяла мяне назад у «фотастудыю», па дарозе па-беларуску спытаўшы, на які факультэт я пайду, што мяне крыху ўзрадавала. Там і загадала Таццяне Уладзіміраўне — «занесці» мяне ў базу па-беларуску, як я таго і прасіў. Таццяна Уладзіміраўна адвяла мяне да камп’ютара, а сама пабегла яшчэ кудысьці яшчэ чагосьці ў кагосьці пытацца.

Рэгістратар — на гэты раз хлапец — з разуменнем паставіўся да майго пажадання, дадаў беларускую раскладку клавіятуры і пачаў перабіваць дадзеныя. З прозвішчам, якое што так, што так аднолькава пішацца, праблем не ўзнікла. А вось з імем пачалося — праграма катэгарычна адмаўлялася ўспрымаць беларускую літару «І». Паспрабавалі перабіць англійскай раскладкай па парадзе іншага рэгістратара — не, тое ж самае. Курсор заставаўся ля выдзеленай, нібы вінаватай у чымсьці «і», і жоўтым зіхценнем патрабаваў прыбраць яе адсюль куды падалей. Пстрыкалі па экране, білі па клавішах — не хоча!

Прыйшлося здавацца — супраць машыны і праграмы (якая да гэтага году, як потым распавёў мне гэты хлапец, нават «Ё» не ўспрымала, што там аб беларускіх літарах казаць) не папрэш. Параіў ён мне напісаць прапанову ў Міністэрства адукацыі і нават неяк абурана сказаў «Вось вам і дзве дзяржаўныя мовы…» Сыходзячы, я шчыра падзякаваў яму за ягоныя намаганні, але ён, усміхнуўшыся, адказаў толькі «ды няма за што».

Што ж, прыйдзецца ісці па ўжо пратораным шляху — звяртацца ў дэканат ужо пасля атрымання неэстэтычнага дзвюхмоўнага білета (і дзвюхмоўнай «залікоўкі») з просьбай замяніць на эстэтычны аднамоўны.

У гэтай бюракратычнай бойцы я сцярпеў паражэнне. Але будзем спадзявацца, што прайграны толькі бой, а не вайна. І калі-небудзь мы дачакаемся таго, што правы беларускай мовы будуць рэалізоўвацца не толькі на паперы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?