Расіяне прыехалі ў адпачынак у Беларусь, і амаль штодня пачалі ўсплываць гісторыі з «хатняй геапалітыкі». Ну вось, напрыклад:
— Прыбярыце, я гэта есці не буду, — заенчыла госця-масквічка, убачыўшы на стале цукеркі «Рашэн».
— А што здарылася? — спакойна пытаецца цётачка-беларуска (гэта яе пляменнік прывёз сяброўку знаёміцца з раднёй). Да ведама: цётачка — інтэлігентны чалавек, адзін з самых вядомых беларускіх перакладчыкаў з іспанскай, партугальскай і г.д. моваў.
— Гэта ж цукеркі фірмы Парашэнкі. І ён проста сказаў, што сваімі цукеркамі атруціць усю Расію, — не сціхае госця.
— Каму сказаў? Няўжо табе сказаў? Ты сама чула?
— Ну-у-у, не мне, вядома, сказаў..
— Я так і думала: сказаў вашаму тэлевізару. Ты б менш тэлевізар глядзела, а больш кніжкі чытала. Гэта па-першае. А па-другое, не бойся, усё ж такі ты не ў Расіі, а ў Беларусі.
— Але ж Беларусь і Расія гэта амаль адно і тое ж …
— Ну, калі пачалася такая размова, то я табе шчыра скажу. Лічы, што ты ў нас амаль пагасцявала, мы з табой амаль пазнаёміліся, а наш Вадзік з табой амаль ажаніўся. А калі ён увогуле ажэніцца, то ён нас вельмі расчаруе.
Пакуль, гледзячы на цябе, я думаю, што ён амаль дурань, а ажэніцца — будзе дурань дурнем.
Госця нават не зразумела, што яна зрабіла не так. Сышла ў слязах.





