Фота sk.gov.by.
Як паведамілі ва ўпраўленні Следчага камітэта па Віцебскай вобласці, навучэнцы ПТВ з абласнога цэнтра вырашылі падзарабіць, але для гэтага абралі забароненую схему. У Расіі яны набывалі спайсы, а ў Беларусі іх расфасоўвалі і прадавалі. Пакупнікоў шукалі сярод сваіх аднагрупнікаў, былых аднакласнікаў, знаёмых. Калі тыя пагаджаліся, ім давалі нумар тэлефона, спецыяльна падключаны да такога «бізнэсу». Далейшыя кантакты вяліся праз смс-паведамленні. Аплата адбывалася праз электронныя сістэмы, а спайсы пакідалі ў закладках. Заклаўшы сумесі для палення, на нумар пакупніку прыходзіла паведамленне з месцам.
«Абодва абвінавачаныя непасрэдна на момант пачатку злачыннай дзейнасці з’яўляліся непаўналетнімі, раней не мелі судзімасці, аднак неаднаразова прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці, па месцы жыхарства і вучобы характарызаваліся вельмі адмоўна. У перыяд папярэдняга следства дачыненне да здзяйснення злачынства прызнавалі толькі часткова, спрабавалі пазбегнуць адказнасці, высоўваючы розныя абаронныя версіі», — паведаміла прадстаўнік УСК па Віцебскай вобласці Іна Гарбачова.
Хлопцам цяпер пагражае ад 8 да 15 гадоў калоніі.