Прэзідэнт Венесуэлы Нікалас Мадура знайшоў сродак для барацьбы з нізкім рэйтынгам і эканамічным крызісам у краіне — ён вырашыў захапіць дзве траціны суседняй дзяржавы Гаяна. Паводле яго слоў, цяпер урад рыхтуе «вялікую перамогу». Венесуэла лічыць, што ў яе несумленна адабралі частку тэрыторыі яшчэ ў 1899 г. і цяпер самы час аднавіць гістарычную справядлівасць. The Washington Post распавядае гэтую гісторыю.

У Венесуэле справы ішлі не вельмі добра яшчэ да таго, як цэны на нафту ўпалі да 60 даляраў за барэль, але цяпер краіна апынулася ў поўнамаштабным крызісе. Цяпер там самая высокая інфляцыя ў свеце, чэргі ў крамы па самыя простыя тавары, дэфіцыт малака і медыцынскіх прыладаў для аперацый. Банкнота самай высокай вартасці ў сто балівараў каштуе на чорным рынку 17 амерыканскіх цэнтаў.

Прэзідэнт краіны Нікалас Мадура апошнія некалькі дзён свае выступы прысвячае не гуманітарнаму і не эканамічнаму крызісам; ён пагражае захапіць дзве траціны тэрыторыі суседняй Гаяны — суверэннай дзяржавы на ўсходняй мяжы Венесуэлы. «Мы вернем тое, што нам пакінулі нашы продкі», - заявіў ён нядаўна.

 У XIX стагоддзі Гаяна была брытанскай калоніяй. У 1895 брытанцы вырашылі пайсці яшчэ далей і захапіць сабе частку ракі Арынока, што не спадабалася ЗША. Тады пад уплывам Штатаў Венесуэла звярнулася ў міжнародны арбітраж, які ў 1899 годзе вызначыў дзеючыя і цяпер межы. Венесуэла, праўда, з 1962 года спрабуе іх абскардзіць, хоць да гэтага афіцыйна гэтыя межы прызнавала і нават друкавала на сваіх картах.

Вяртаннем спрэчнай тэрыторыі ў Венесуэле будзе займацца толькі што створанае дзяржаўнае агенцтва «Міністэрства па выратаванні Эсекіба». Эсекібо — гэта самая вялікая рака Гаяны, а тэрыторыя, якую абяцае захапіць Мадура, называецца Гаяна-Эсекіба і пераважна складаецца з джунгляў і саваны.

Перш за ўсё венесуэльцы хочуць раздаць пашпарты мясцовым жыхарам, што жывуць у джунглях. Усяго на гэтай тэрыторыі жыве каля 200 тысяч чалавек (усяго ў Гаяне пражывае 750 тыс.).

Нядаўна Нікалас Мадура абазваў прэзідэнта Гаяны Дэвіда Грэнджэра лёкаем на службе амерыканскіх нафтавых кампаній і амерыканскага імперыялізму. Выказванне Мадура звязана з тым, што Гаяна дазволіла кампаніі ExxonMobil здабываць нафту ў сваіх водах (з Венесуэлы ExxonMobil сышла пасля таго, як там у 2007 годзе нацыяналізавалі яе маёмасць). Мадура абвясціў прыбярэжныя воды Гаяны тэрыторыяй Венесуэлы і запатрабаваў, каб амерыканская кампанія вымяталася адтуль.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?