Новым кіраўніком прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Мінску стане нямецкі дыпламат Андрэа Віктарын, якая працавала ў пачатку 2000-х гадоў у Беларусі. Пра гэта заявіла цяперашняя кіраўнік еўрапейскай місіі Майра Мора.
«Агрэман (згоду на яе прызначэнне) атрыманы. Гэта нямецкі дыпламат, якая цяпер з'яўляецца паслом Германіі ў Латвіі», — адказала Мора.
Па словах дыпламата, яе чатырохгадовы тэрмін службы ў Беларусі падыходзіць да канца 31 жніўня. Такім чынам, можна чакаць прыбыцця новай кіраўніка прадстаўніцтва ў верасні.
Андрэа Віктарын нарадзілася ў Боне ў 1957 годзе. У 1989 годзе яна паступіла на дыпламатычную службу ў МЗС. Працавала ў пасольствах Германіі ў Эстоніі, Нідэрландах. З 2000 па 2003 год была дарадцам пасольства ФРГ у Беларусі, затым вярнулася на радзіму — працаваць у палітычным дэпартаменце нямецкага МЗС.
З 2007 па 2009 год Віктарын была паслом ФРГ у Арменіі, з 2012 года па сённяшні дзень займае пасаду нямецкага пасла ў Латвіі.