Другім на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты на выбарах 2015 года падаў лідар Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін. Адбылося гэта ў 11:10.

Кіраўніком ініцыятыўнай групы будзе Валерый Ухналёў. Калякін і Ухналёў разам падавалі дакументы, якія прыняла загадчык арганізацыйна-прававога аддзела Галіна Мкртычан.

Як паведаміў Сяргей Калякін «Нашай Ніве» ў склад яго ініцыятыўнай групы ўваходзіць 1513 чалавек ва ўзросце ад 18 да 95 гадоў. «13 — маё шчаслівае чысло», — адзначыў Калякін.

«Мне лёгка ісці на выбары, — кажа ён. — Бо ўладзе сёлета няма чаго прапанаваць».

Калякін зазначае, што пакуль здымацца на карысць Анатоля Лябедзькі або Таццяны Караткевіч ён не збіраецца.

«Гэта і добра, што апазіцыя ідзе на выбары трыма калонамі. Ёсць выбар», — дадае ён.

Сябе ён пазіцыянуе як сацыяліста, што прадстаўляе левы фланг. Караткевіч, на яго думку, — цэнтрыстка, Лябедзька прадстаўляе правы фланг.

Калякін таксама дадаў, што падтрымкі ў Маскве, у адрозненне ад Лукашэнкі, не шукае. 

Прэзідэнцкія выбары запланаваныя на 11 кастрычніка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?