За апошні год аўтарынак Беларусі значна змяніўся — патаннелі ўсе аўто. Але асабліва адчувальна ў цане згубілі машыны прэміум-класа, выпушчаныя на пачатку 2000-х — гэта «БМВ» пятай і сёмай серыі, «Мерседэсы» S-класа і «Аўдзі A8». З пачатку года гэтыя машыны патаннелі на 30—40%, а некаторыя мадэлі нават на 50%.

«Мерседэс W220» 2000 — ад $7000

«Мерседэс W220» 2000 — ад $7000

Маючы ў кішэні $7500, беларусы ўжо могуць прыцэньвацца да іміджавага ўседарожніка «Поршэ Каен» 2003 года. Іншае статуснае аўто «БМВ» X5 можна купіць ужо за $9000, а прапановы на «БМВ» сёмай серыі пачынаюцца з $8000.

«Можна газаваць, дзеўкі дурэюць!», «За аўто не сорамна», — такімі падпісамі суправаджаюць уласнікі свае аб’явы на сайтах па продажы аўто. Але па колькасці такіх аб’яў відаць, што асаблівым попытам прэміум машыны не карыстаюцца, нягледзячы на нізкія цэны.

«Поршэ Каен» 2003 — ад $7500

«Поршэ Каен» 2003 — ад $7500

«Цэны на прэміяльныя машыны праселі праз велізарны паток танных аўто з Расіі, — перакананы Зміцер Макарэвіч, рэдактар сайта «Аўтамалінаўка». — Да таго ж буйныя гульцы на аўтамабільным рынку, кшталту «Рэно» і «Фальксвагена», зразумелі, чаго хоча тутэйшы пакупнік, і наладжваюць вытворчасць бюджэтных мадэляў коштам да $10 тысяч, якія не патрабуюць шматмільённых інвестыцый і не спажываюць шмат паліва. Увогуле, $10 тысяч сталі той планкай, праз якую беларусам вельмі цяжка перакрочыць пры цяперашнім матэрыяльным стане, бо прыбыткі не дазваляюць утрымліваць дарагія машыны. Прагматычны чалавек разумее: сёння ён возьме ў салоне машыну за дзесяць тысяч і не выдактуе на яе ані граша цягам двух-трох год. А ў тым выпадку, калі ён купіць «Поршэ Каен» ці «БМВ» прэміум класа, яму давядзецца штомесяц развітвацца з круглымі сумамі, каб машына проста ездзіла. Да таго ж, тэндэнцыя на патанненне машын не распаўсюджваецца на дэталі да іх — яны будуць стабільна дарагімі яшчэ не адзін год. Уласнікі разумеюць, што прэстыжныя машыны выпуску пачатку 2000-х гадоў будуць усё мацней біць па кішэнях. Яны іх прадаюць».

Зміцер Макарэвіч прагназуе, што тэндэнцыя што да патаннення прэстыжных машын захаваецца і нават узмоцніцца.

«Варта трохі пачакаць, пакуль новыя бюджэтныя «Пежо», «Рэно» і «Фальксвагены» пакатаюцца па нашых дарогах ды іх стануць перапрадаваць. Вось тады тыя прэміум-машыны ўпадуць яшчэ ніжэй, а іх цяперашняе месца зоймуць тыя ж прэміумы, толькі крыху маладзейшыя», — мяркуе Зміцер. Крутыя «бэхі» і «мэрсы», кажа эксперт, па-ранейшаму цікавяць тых, хто хоча зрабіць уражанне. Але прынцып «панты даражэйшыя за грошы» ўжо не працуе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?