Калегія ЕЭК адмяніла абмежаванні на пастаўкі беларускіх камвольных тканін у Расію, паведаміла прэс-служба Міністэрства гандлю. 

Па ініцыятыве Мінгандлю гэтае пытанне было вынесена на разгляд калегіі ЕЭК пасля правядзення адпаведных кансультацый з расійскім бокам. У выніку 14 ліпеня на пасяджэнні калегіі прынята рашэнне аб неабходнасці адмены Расіяй распараджэнняў расійскага ўрада, якія прадугледжваюць у якасці абавязковай умовы пры заключэнні кантрактаў на пастаўку рэчавай маёмасці абавязак выканаўцаў адпаведных дзяржаўных кантрактаў ажыццяўляць закупкі камвольных тканін для вытворчасці форменнага адзення ў ТАА «Бранскі камвольны камбінат». 

Названае абмежаванне прыводзіла да немагчымасці ААТ «Камволь» удзельнічаць у працэдурах закупак па пастаўцы камвольных тканін. 

Рашэнне калегіі ЕЭК набудзе моц пасля заканчэння 30 дзён з даты яго афіцыйнага апублікавання. Пры гэтым Расійская Федэрацыя на працягу двух месяцаў павінна праінфармаваць ЕЭК і іншыя дзяржавы — члены ЕАЭС аб адмене выключэння з нацыянальнага рэжыму. 

Як раней паведамляў журналістам першы намеснік старшыні канцэрна «Беллегпрам» Вячаслаў Мірусін, патрэба ў камвольных тканінах сілавых структур Расіі складае 2 млн. пагонных метраў у год. Паводле яго слоў, патэнцыял у 2014 годзе ААТ «Камволь» у такіх пастаўках мог бы скласці мінімум 1 млн. пагонных метраў на 10 млн. долараў. 

«Беллегпрам» пры фарміраванні Мытнага саюза і затым ЕАЭС актыўна ўзаемадзейнічаў з ЕЭК, — паведаміў Мірусін. — Быў унесены шэраг прапаноў для разгляду камісіяй. Так, было ініцыявана спецыяльнае абароннае расследаванне па посудзе з фарфору, былі зніжаны ўвазныя мытныя пошліны на асобныя віды палотнаў для гарсэтных вырабаў, скуры для вытворчасці пальчатак. ЕЭК таксама прыняла рашэнне аб аднясенні лёгкай прамысловасці да прыярытэтных сектараў эканомікі. І на падставе гэтага рашэння распрацоўваецца план мерапрыемстваў па фарміраванні адзінай прамысловай палітыкі ў гэтым сектары».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?