У Цэнтрвыбаркам паступілі дакументы аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп грамадзян па зборы подпісаў для вылучэння Жанны Раманоўскай і Ірыны Першынай кандыдатамі ў прэзідэнты Беларусі, паведамляе афіцыйны сайт ЦВК.

«16 ліпеня ў 17.20 прадстаўленыя дакументы аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы грамадзян па зборы подпісаў выбаршчыкаў па вылучэнні Раманоўскай Жанны Мікалаеўны кандыдатам у прэзідэнты. У 17.50 прадстаўленыя дакументы аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па вылучэнні Першынай Ірыны Міхайлаўны», — інфармуе ЦВК.

Хто яны, гэтыя кандыдаткі?

* * *

Настаўніца Жанна Раманоўская (Алексяюк) жыве ў Брэсце.

Уцямнай праграмы яна не прэзентавала, на Ю'Тубе «кандыдатка ў кандыдаты» прамовіла агульныя словы.

У сваім інтэрв'ю карэспандэнту «НН» яна не здолела ўцямна патлумачыць нават кім яна працуе.

Першае інтэрв'ю кандыдаткі ў прэзідэнты: «Кім я працую? Сёння складаны дзень, я адкажу заўтра»

Кіраўніком ініцыятыўнай групы Раманоўскай з'яўляецца Яўген Напорка.

* * *

Іншай кандыдатцы, Ірыне Першынай 35 гадоў. Яна спецыяліст па рэкламе ў кампаніі Imagemaker, паведамляюць naviny.by. Замужам, гадуе сына.

Першына балатуецца, каб прапіярыць сваю кампанію Imagemaker. Жанчына хоча «атрымаць незабыўны досвед палітычнага піяру».

Кіраўніца яе ініцыятыўнай групы — Марыя Храмцова.

* * *

Такім чынам (разам з Таццянай Караткевіч), у перадвыбарчую гонку ўключыліся ўжо тры жанчыны.

Усяго ж дакументы на рэгістрацыю ў ЦВК падалі дзевяць прэтэндэнтаў.

17 ліпеня — апошні дзень рэгістрацыі патэнцыйных кандыдатаў.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?