У Гомельскім гарадскім аддзеле Следчага камітэта расследуецца шматэпізодная крымінальная справа аб махлярстве ў дачыненні да Басалыкі Андрэя Аляксандравіча, 1993 года нараджэння, які шляхам падману завалодаў грашовымі сродкамі грамадзян на агульную суму не менш як 36 000 даляраў ЗША, паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.

Падчас папярэдняга расследавання выяўлена, што ў 2014 годзе абвінавачаны на падставе выгаднага набыцця аўтамабіляў у Расійскай Федэрацыі ў перыяд дэвальвацыі, не маючы намеру выканаць узятыя на сябе абавязацельствы, браў грошы ў знаёмых, якія пражываюць у Гомелі і Мінску. Таксама ўстаноўлены факт завалодання абвінавачаным пад рознымі падставамі грашыма былой сужыцелькі з г. Мінска ў суме 4400 даляраў ЗША.

Атрыманыя незаконным шляхам грошы непрацуючы гамяльчук выдаткоўваў на асабістыя патрэбы, у тым ліку ў ігральных і забаўляльных установах.

На дадзены момант па крымінальнай справе, узбуджанай па ч.3 арт.209 (махлярства, здзейсненае ў буйным памеры) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, пацярпелымі прызнаныя 9 чалавек. У праваахоўныя органы працягваюць паступаць заявы ад грамадзян у дачыненні да абвінавачанага.

Следства звяртаецца да грамадзян, якія пацярпелі ад супрацьпраўных дзеянняў абвінавачанага, з рэкамендацыяй неадкладна звярнуцца ў другое следчае аддзяленне Гомельскага гарадскога аддзела Следчага камітэта (г. Гомель, вул.Кірава, д.122) па тэлефоне 60-74-25 або ў бліжэйшае аддзяленне міліцыі.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна