Аўтар праекта ў падтрымку Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) Эндру Паркер наведае Мінск у час свайго кругасветнага падарожжа. Пра гэта паведаміла дарадца ЮНІСЕФ у Беларусі Юлія Навічонак.

Эндру Паркер — пілот паветранага шара з Новай Зеландыі. Ён плануе аб'ехаць 100 краін свету на працягу чатырох з палавінай гадоў, падарожнічаючы на сваім трэйлеры і за ўласныя сродкі. Мэта глабальнага дабрачыннага праекта «Узлятаючы ўвысь дзеля дзяцей» — прыцягнуць увагу людзей усяго свету да правоў дзіцяці, у тым ліку да праблем дзяцей з асаблівасцямі развіцця. Праект нагадвае людзям аб галоўнай місіі ЮНІСЕФ — абароне дзяцей. Эндру прадаў свой бізнес, вырашыўшы дапамагаць дзецям і ЮНІСЕФ, ён упэўнены, што ажыццяўленне дзіцячых спадзяванняў і надзей можа змяніць жыццё.

Новазеландзец прыме ўдзел у фестывалі авіяцыйнага спорту, які пройдзе ў Мінску 17-19 ліпеня, а таксама ў акцыі «Начное свячэнне паветраных шароў».

Асноўная мэта работы ЮНІСЕФ — абарона правоў дзіцяці і падтрымка права дзяцей на бяспечнае, здаровае і шчаслівае дзяцінства. ЮНІСЕФ садзейнічае распаўсюджванню ведаў пра Канвенцыю аб правах дзіцяці для таго, каб дзеці ведалі аб сваіх правах і абавязках, а выкладчыкі, бацькі і іншыя дарослыя паважалі і абаранялі гэтыя правы, заахвочваючы больш актыўны ўдзел дзяцей і моладзі ў працэсе прыняцця рашэнняў, якія непасрэдна ўплываюць на іх жыццё.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?