Адзін з нечаканых удзельнікаў прэзідэнцкай кампаніі — кіраўнік Беларускай патрыятычнай партыі (БПП) і вярхоўны атаман «Беларускага казацтва» Мікалай Улаховіч.

Мікалай Улаховіч прынёс дакументы ў ЦВК ўвечары апошняга дня — 17 ліпеня, за 15 хвілін да закрыцця. Але ў палітыку, кажа ён, прыйшоў даўно: яшчэ ў 1994 годзе быў даверанай асобай Аляксандра Лукашэнкі на першых прэзідэнцкіх выбарах.

— Тады мы, патрыёты, ішлі агульнай масай, і Аляксандр Рыгоравіч апынуўся на галаву вышэй за нас усіх, — сказаў Улаховіч.

Пытаем у прэтэндэнта аб прычынах вылучэння ў гэтым годзе.

— Наша партыя заўсёды падтрымлівала лінію дзеючага прэзідэнта і будзе падтрымліваць. Прычынай стала тое, што сёлета хочуць зладзіць нейкі балаган, нейкіх коцікаў пачалі падтасоўваць, нейкая незразумелая палітыка з боку апанентаў прэзідэнта. Нам, патрыётам, гэта непрымальна.

Улаховіч лічыць, што любы грамадзянін Беларусі «павінен падтрымліваць ўладу, незалежна ад яго поглядаў, гэта закон».

На прамое пытанне, ці хоча лідар казакоў змяніць дзеючага прэзідэнта на пасадзе, прэтэндэнт адказаў, што гэта вырашаць выбаршчыкі. «Я вылучаюся, каб у гэтай краіне быў парадак, мір і спакой», — заявіў ён.

— Мяне падтрымліваюць беларускія патрыёты, якія ў большасці сваёй падтрымліваюць уладу. Патрыёты могуць быць не толькі на баку апазіцыі. З таго боку бачыце, колькі выступае? Чаму б не выступіць двум патрыётам злева? Я выступаю на выбарах з боку ўлады, парадку, спакою на маёй радзіме.

У той жа час прэтэндэнт у прэзідэнты сцвярджае, што хоць і падтрымлівае ўладу стратэгічна, у яго могуць быць тактычныя нязгоды.

— Навошта ісці на выбары, калі ты з усім згодны? Значыць, у мяне яшчэ ёсць ідэі — эканамічныя, палітычныя, якія я яшчэ не раскрыў.

На пытанне, ці гатовы ён зняцца з выбараў на карысць дзейнага прэзідэнта, лідар казакоў адказаў, што «сітуацыя пакажа», але гэта будзе рашэнне партыі і казацтва.

Ініцыятыва яго вылучэння, сцвярджае Улаховіч, належала членам яго партыі і таварышам па беларускім казацтву, якія вырашылі, што «прыйшоў час».

Лідар БПП абвяргае абвінавачванні ў тым, што з'яўляецца кандыдатам Расіі на гэтых выбарах.

— Я ніколі не быў пятай калонай… З 1995 года мяне пастаянна спрабавалі зрабіць стаўленікам Масквы. Пастаянна спрабавалі знайсці нагоду, што я падтрымліваю інтарэсы «старэйшага брата». Я заўсёды выступаў за саюз славянскіх плямёнаў, уваходзіў у «Славянскі сабор», быў сустаршынёй і таму меў кантакты і з украінскім казацтвам, і расійскім. Але я заўсёды выступаў ад беларускага казацтва.

Па словах Улаховіча, яму прапаноўвалі ўзначаліць кангрэс рускіх суполак у Беларусі, але ён катэгарычна адмовіўся.

— Навошта нам тут нейкую суполку рускую рабіць? Мы тут рускія і беларусы, жывем у адной сям'і. У мяне жонка руская, у мяне свая суполка ў доме.

Улаховіч сцвярджае, што з'яўляецца бясспрэчным прыхільнікам беларускай незалежнасці, за якую, па яго словах, цяпер вядзецца барацьба. Пагроза ж незалежнасці, лічыць лідар БПП, ідзе, у першую чаргу, ад ЗША і Еўрасаюза.

— Калі вы хочаце ўбачыць нацыяналіста, вы павінны яго бачыць у кожным патрыёце. Гэта значыць, і ўва мне. Зразумейце правільна: патрыёт — гэта добры нацыяналіст. А я яшчэ і казак, у мяне гаспадарскі пачатак, я не разумею, што значыць не быць гаспадаром на сваёй зямлі. Мне не падабаецца гэта бязладдзе, якое часам адбываецца ў нашай эканоміцы, дзе спрабуюць асобныя людзі, якія не ўмеюць кіраваць, скідваць гэта ўсё на ўладу.

На гэтых словах да размовы далучыўся кіраўнік ініцыятыўнай групы Улаховіча Міхаіл Образаў і заявіў, што Беларусь павінна быць незалежнай, але толькі ў саюзе з Расіяй.

Сам Улаховіч лічыць, што сённяшні ўзровень інтэграцыі ў Еўразійскім эканамічным саюзе — дастатковы. Але пры гэтым ён дадаў, што саюз патрэбны «эканамічны, мытны, палітычны».

Прэтэндэнт лічыць, што яго падтрымаюць казакі з усяго свету, у тым ліку — з Расіі і з абодвух бакоў фронту ў Украіне. Зрэшты, агаворваецца кіраўнік яго ініцыятыўнай групы Образаў, падтрымка будзе не фінансавай, а маральнай.

На пытанне, чый Крым, Мікалай Улаховіч адказвае адназначна: «Расійскі, і заўсёды ім быў, мы ўсё гэта ведаем». «Украіна за час свайго кіравання разбурыла там сады, агароды, захапіла прыбярэжныя тэрыторыі. Цяпер ідзе адраджэнне Крыму», — адзначыў прэтэндэнт у прэзідэнты.

Яго паплечнік Міхаіл Образаў дадаў:

- Зараз, калі Украіна палае, патрыёты павінны паказаць, што яны не толькі падтрымліваюць [ўладу] за кулісамі, а яны ёсць рэальная палітычная сіла.

Фінансаванне кампаніі Улаховіча, па словах яго і кіраўніка яго ініцыятыўнай групы, будзе весціся толькі з выбарчага фонду і ў рамках закона. Хоць, прызнаецца прэтэндэнт, прапановы аб фінансаванні яму ўжо паступалі: і цяпер, і раней.

- Але не ад кожнага мы возьмем. Мы не возьмем у няўпэўненых людзей, якія не з'яўляюцца сапраўднымі патрыётамі, — кажа лідар казакаў.

* * *

18 чэрвеня гэтага года Мікалай Улаховіч стаў намеснікам кіраўніка Мінскага абласнога спажывецкага саюза. Да гэтага на працягу многіх гадоў ён узначальваў прадпрыемства «Жылкамунтэхніка» і быў намеснікам Мінскага абласнога ўпраўлення ЖКГ.

* * *

Пяць фактаў пра казацкага атамана Мікалая Улаховіча, які заявіўся на прэзідэнцкія выбары

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?