Цяперашні ўзровень золатавалютных рэзерваў (ЗВР) Беларусі з'яўляецца трывожным, адзначаецца ў новым аглядзе цэнтра макраэканамічных даследаванняў расійскага «Сбербанка».

«Сітуацыю з уласнымі рэзервамі Беларусі можна ахарактарызаваць як трывожную. Паводле вынікаў чэрвеня агульны аб'ём золатавалютных рэзерваў Беларусі складаў 4,6 млрд. долараў, ён зменшыўся на 1,8 млрд. долараў за апошнія 12 месяцаў. Пры гэтым рэзервы ў замежнай валюце складаюць усяго 1,7 млрд. долараў», — канстатуюць расійскія аналітыкі. 

Яны звяртаюць увагу на тое, што найбліжэйшым часам Беларусь ажыццявіць значныя выплаты па знешнім доўгу (прыкладна 1 млрд. долараў). Гэта «робіць далейшае зніжэнне ЗВР цалкам магчымым». 

«Ва ўмовах адсутнасці ўстойлівага прытоку валюты ў краіну (дэфіцыт рахунку бягучых аперацый у першым квартале склаў 1 млрд. долараў) Масква застаецца асноўнай крыніцай знешняга фінансавання», — адзначаецца ў аглядзе. 

Паводле вынікаў чэрвеня 2015 года ЗВР Беларусі, разлічаныя згодна з метадалогіяй МВФ, павялічыліся на 13,4 млн. долараў і на 1 ліпеня склалі 4,62 млрд. долараў ЗША ў эквіваленце. 

У нацыянальным вызначэнні аб'ём золатавалютных рэзерваў зменшыўся за чэрвень на 156,3 млн. долараў ЗША і на 1 ліпеня 2015 года склаў 5,07 млрд. долараў ЗША ў эквіваленце. 

Паводле звестак Нацбанка, падтрыманню золатавалютных рэзерваў у чэрвені спрыялі паступленні ад збірання экспартных пошлін на нафтапрадукты. Адмоўны ўплыў на ЗВР зрабілі пагашэнне дзяржавай знешніх і ўнутраных даўгоў у замежнай валюце, а таксама змяншэнне кошту золата на міжнародным рынку каштоўных металаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?