Кеплер 452B ва ўяўленні мастака. Выява: NASA/JPL-Caltech/T. Pyle

Кеплер 452B ва ўяўленні мастака. Выява: NASA/JPL-Caltech/T. Pyle

NASA прадставіла адкрыццё незвычайнай экзапланеты. Трансляцыя прэс-канферэнцыі праходзіла на Ustream, асноўная інфармацыя з яе прадстаўленая на сайце NASA.

«Сёння мы прадстаўляем адкрыццё экзапланеты, якую, як мы разумеем, можна назваць дастаткова блізкім родзічам Зямлі. Самым блізкім за ўвесь час. Зямля 2.0»,

— сказаў Джон Грансфельд, адміністратар дырэктарата місій NASA ў Вашынгтоне.

Планета мае назву Кеплер 452B. Яна знаходзіцца ў 1400 светлавых гадах ад нас у сузор’і Лебедзь. «Зямлі 2.0» 6 мільярдаў год (нашай «Зямлі 1.0» 4,5 млрд).

З сённяшнімі тэхналогіямі дарога да Плутона заняла 9 год, дарога да Кеплер 452B зойме такімі тэмпамі 550 млн год.

«Зямля 1.0» (злева) і «Зямля 2.0» ва ўяўленні мастака. Выява: NASA/JPL-Caltech/T. Pyle

«Зямля 1.0» (злева) і «Зямля 2.0» ва ўяўленні мастака. Выява: NASA/JPL-Caltech/T. Pyle

Як распавёў Джон Джэнкінс, галоўны аналітык каманды «Кеплера» даследчага цэнтру Эймса, планета на 5% далей ад сваёй зоркі, чым Зямля ад Сонца, і атрымлівае ад яе на 10% больш энергіі. Яе зорка мае тэмпературу, вельмі блізкую да Сонца, на 20% больш яскравая за яго і на 10% большая.

Кеплер 452B на 60% большая за Зямлю. Яе арбіта падобная да арбіты Зямлі (нават працягласць года блізкая да зямной, 385 дзён), а яе сістэма падобная да нашай Сонечнай сістэмы. 

Яе маса пакуль невядомая, але можа быць у пяць раз большая за масу Зямлі. Планета хутчэй за ўсё камяністая. Паводле аналізу геолагаў, на яе паверхні могуць быць актыўныя вулканы. Магчыма, на яе паверхні ёсць вада ў вадкім стане.

«Зямля 2.0» правяла ў «жылой зоне» мільярды год. І яна, і яе зорка, і яе арбіта вельмі падобныя да нашых умоў. Гэта значыць, што на ёй магло ўзнікнуць арганічнае жыццё.

Адназначных сведчанняў пра існаванне на ёй жыцця не атрымана.

Гэта першая знойдзеная чалавецтвам планета з настолькі высокай імавернасцю зараджэння арганічнага жыцця. Агулам «Кеплер» знайшоў каля 4700 «кандыдатаў у экзапланеты» (той факт, што гэта планеты, яшчэ мае быць пацверджаны) і тысячу планет, з іх тузін мае дыяметры ад аднога да двух зямных і знаходзяцца ў «жылой» зоне, а восем абарочваюцца вакол зорак, блізкіх да Сонца па памерах і тэмпературы.

Даследаванне планеты Кеплер 452B прынятае да публікацыі ў The Astronomical Journal.

Сістэма Кеплер 452 у параўнанні з Сонечнай сістэмай. Выява: NASA/JPL-CalTech/R. Hurt

Сістэма Кеплер 452 у параўнанні з Сонечнай сістэмай. Выява: NASA/JPL-CalTech/R. Hurt

Іншыя магчыма падобныя да Зямлі планеты, вядомыя на сёння. Выява: NASA/JPL-CalTech/R. Hurt

Іншыя магчыма падобныя да Зямлі планеты, вядомыя на сёння. Выява: NASA/JPL-CalTech/R. Hurt

Планеты ў «жылой» зоне ва ўяўленні мастака. Выява: NASA Ames/W. Stenzel

Планеты ў «жылой» зоне ва ўяўленні мастака. Выява: NASA Ames/W. Stenzel

Хаця ні мы, ні нашы ўнукі не ступім на Кеплер 452B, падарожжа на такія планеты мае стаць новай мэтай чалавецтва, кажуць прадстаўнікі NASA. Сам факт існавання Кеплер 452B дае надзею на адкрыцці нават бліжэйшых і нават больш падобных да Зямлі планет.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?