У Міністэрстве гандлю адзначаюць праблему са збытам пладовых він айчыннай вытворчасці і канстатуюць наяўны спажывецкі стэрэатып аб іх невысокай якасці. Пра гэта размова ішла на рабочай сустрэчы 22 ліпеня ў Мінгандлю, прысвечанай пытанням рэалізацыі натуральных пладовых він.

Як паведамляе прэс-служба міністэрства, у сустрэчы ўзялі ўдзел вытворцы пладовых і пладова-ягадных він, прадстаўнікі гандлёвых сетак і арганізацый, магазінаў бяспошліннага гандлю, а таксама спецыялісты Нацыянальнай акадэміі навук і канцэрна «Белдзяржхарчпрам».

Паводле інфармацыі Мінгандлю, з улікам асаблівасцяў сыравіннай зоны ў Беларусі пладовае вінаробства традыцыйна займае асноўны аб'ём вінаробнай галіны — больш як 70%.

«Сёння пладова-ягадныя віны нічым не саступаюць вінаградным ці замежным аналагам больш дарагога цэнавага сегменту. Вытворцы ўкараняюць інавацыйныя тэхналогіі, праводзяць мадэрнізацыю, асвойваюць выпуск імпартазамяшчальнай прадукцыі, аднак, нягледзячы на якасць, аб'ёмы рэалізацыі пладовых він, як, зрэшты, і астатніх алкагольных напояў, у краіне штогод зніжаюцца», — зазначаюць у Мінгандлю.

Удзельнікі сустрэчы, паведамляе прэс-служба, спрабавалі знайсці адказ на пытанне, «як па-новаму падаць такую прадукцыю, выбудаваць ўзаемадзеянне вытворцы і гандлю па прасоўванні пладовых і пладова-ягадных він натуральных у гандлёвыя сеткі, пабароць існуючыя ў грамадстве негатыўныя стэрэатыпы аб гэтай катэгорыі він».

У Мінгандлю мяркуюць, што асноўнай праблемай у збыце пладова-ягадных він з'яўляецца наяўны пакупніцкі стэрэатып адносна спажывецкіх уласцівасцяў пладовых він больш нізкага цэнавага сегменту. На думку спецыялістаў, пераламаць гэтую тэндэнцыю цяжка ў сувязі з забаронай на рэкламу ў краіне алкагольных напояў.

З вытворцамі він на сустрэчы дасягнутыя дамоўленасці пра далейшае супрацоўніцтва, змену падыходаў да пазіцыянавання прадукцыі, зазначае прэс-служба.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?