27 ліпеня, калі, дарэчы, была прынятая Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі з бел-чырвона-белым сцягам і «Пагоняй», краму symbal.by наведаў участковы міліцыянт. Ён цікавіўся як раз бел-чырвона-белым сцягам.

«Мужчына быў у цывільным, сказаў, што мясцовы ўчастковы. Ён паведаміў, што ў Маладзечна на футбольным стадыёне затрымалі хлопца з бчб-сцягам, які ў тлумачэннях распавёў, што набыў яго на symbal.by, — кажа Павел Белавус, уладальнік крамы. — У задачу ўчастковага ўваходзіла правесці праверку: хто прадаў забароненую сімволіку. Аб тым, што яна «забароненая», было напісана ў яго паперах. Я яму даў тлумачэнне, што сцягі мы прадаем афіцыйна, яны пашытыя ў Беларусі, па накладных, і прадаюцца праз інтэрнэт-краму, якая ўнесеная ў гандлёвы рэестр Беларусі. Пазіцыянуем сцяг як гістарычную сімволіку са статусам — дзяржаўны сцяг РБ з 1991 па 1995 год. І што ніякіх дакументаў, якія яго забараняюць ці прыраўноўваюць да забароненага – няма».

Участковы склаў тлумачэнне і сышоў. Але Белавус вырашыў не пакідаць гэтае пытанне без адказу.

«У нас ёсць ідэя скласці запыты ў МУС, Акадэмію навук, мінюст, каб яны афіцыйна патлумачылі сваё стаўленне да бчб-сцяга. Забаронены ён усё ж ці не? Бо на перадвыбарчых пікетах, мітынгах, якія дазваляе ўлада, сцягі нікому не перашкаджаюць, але часам усплываюць выпадкі, калі ў асобнага чалавека сцяг могуць чамусьці канфіскаваць. Трэба ўжо вызначыцца – калі забараняеце, дык прымайце адпаведны закон. Калі не – дык не трэба чапляцца да сцяга, які многія людзі лічаць сваёй нацыянальнай каштоўнасцю», — мяркуе Павел.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?