Лідар Народнага Фронту Зянон Пазняк штурхаў Вярхоўны Савет БССР да абвяшчэння незалежнасці.

Лідар Народнага Фронту Зянон Пазняк штурхаў Вярхоўны Савет БССР да абвяшчэння незалежнасці.

Чвэрць стагоддзя са дня прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі — добрая нагода паразважаць над прычынамі і ўмовамі гэтага заканадаўчага акта.

Беларуская дэкларацыя аб суверэнітэце з’явілася ў выніку т.зв. «параду суверэнітэтаў» – умоўнай назвы працэсу абвяшчэння саюзнымі рэспублікамі адпаведных заканадаўчых актаў, якія істотна паслаблялі раней неабмежаваную ўладу цэнтра.

У канцы 1980-х — пачатку 1990-х гг. Саюз ССР імкліва набываў рысы дэцэнтралізаванай дзяржавы. Сталі відавочны сімптомы будучага распаду Савецкага Саюза, якія ў другой палове 1980-х гг. выліліся не толькі ў рэзкім узрастанні грамадскай актыўнасці ў нацыянальных рэспубліках, але і ў вострых міжнацыянальных канфліктах, у прыватнасці, ў Нагорным Карабаху, Грузіі і інш.

Імкнучыся задаволіць палітычныя амбіцыі мясцовых элітаў, кіраўніцтва СССР згадзілася пашырыць іхнія паўнамоцтвы шляхам прыняцця адпаведных дэкларацый. Гэтым самым Міхаіл Гарбачоў разлічваў захаваць саюзнае адзінства.

Беларусь прыняла сваю Дэкларацыю дзясятай з пятнаццаці і апошняй — з еўрапейскіх рэспублік, што ў пэўнай ступені пацвярджае тэзу аб вышэйшай ступені кансерватыўнасці Беларусі, якая набыла імідж «Вандэі перабудовы».

Дэкларацыя нарадзілася ў сценах вышэйшага прадстаўнічага і заканадаўчага органа рэспублікі — Вярхоўнага Савета XII склікання.

Пунктам адліку гісторыі Дэкларацыі з’яўляецца 18 чэрвеня 1990 г., калі Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР выдаў пастанову аб падрыхтоўцы Дэкларацыі і стварэнні спецыяльнай камісіі па яе распрацоўцы.

Такая камісія пад кіраўніцтвам старшыні парламента Мікалая Дземянцея ўзнікла 20 чэрвеня 1990 г. У склад камісіі ўвайшлі 35 чалавек, у тым ліку члены Прэзідыума, абласныя кіраўнікі, а таксама шэраг дэпутатаў.

Асобы з кіраўніцтва парламентам альбо старшыня пастаяннай камісіі курыравалі адпаведны артыкул, якіх у праекце камісіі налічвалася 12. Напрыклад, назва праекта Дэкларацыі і прэамбула былі замацаваны за першым намеснікам старшыні Вярхоўнага Савета Станіславам Шушкевічам, артыкул другі — за старшынёй камісіі па заканадаўстве Дзмітрыем Булахавым, артыкул пяты — за старшынёй камісіі па навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Генадзем Карпенкам і г.д.

Свой праект камісія падрыхтавала праз месяц у выніку васьмі пасяджэнняў. 23 ліпеня 1990 г. праект быў вынесены для абмеркавання.

Акрамя афіцыйнага праекта парламентарыям былі прапанаваны дзве альтэрнатыўныя распрацоўкі. Адна зыходзіла ад парламенцкай апазіцыі Беларускага Народнага Фронту. Ініцыятарам другой з’явілася група дэпутатаў на чале з Яўгенам Глушкевічам.

Праект Дэкларацыі парламенцкай апазіцыі БНФ быў ухвалены на канферэнцыі Фронту 30 чэрвеня — 1 ліпеня 1990 г. з удзелам 300 дэлегатаў і амаль адразу быў перададзены ягоным лідарам Зянонам Пазняком у Сакратарыят Вярхоўнага Савета.

13 ліпеня 1990 г. Зянон Пазняк у выступленні перад дэпутатамі заўважыў: праект Дэкларацыі, падрыхтаваны дэпутацкай групай БНФ, не даходзіць да парламентарыяў з той прычыны, што кіраўнік Сакратарыята ВС Віктар Кудравец аддаў праект на экспертызу. У адказ В. Кудравец заявіў, што згодна з артыкулам 100 Часовага Рэгламенту законапраекты вымагаюць навуковай экспертызы. Начальнік Сакратарыята выказаўся так: «Данный проект готовил неизвестно кто, а народные депутаты подписались размножить. Поручения такого БНФ никто не давал. В проекте БНФ упоминаются события, которые проходили и 70, и 100, и 200 лет назад. Исторические события, особенно те, которые связаны с изменением общественно-политического строя, историческими личностями, трактуются сегодня по-разному, порой полярно. Даже у специалистов-историков нет единого мнения. Почему БНФ — истина в последней инстанции?».

Праект Дэкларацыі парламенцкай апазіцыі меў праблемы і з публікацыяй. Дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі адмовіліся тыражаваць праект. З найбольш вядомых выданняў праект быў апублікаваны ў №11—12 за 1990 г. у часопісе «Крыніца», які рэдагаваў Уладзімір Някляеў.

Праект Дэкларацыі, прапанаваны дэпутацкай групай БНФ, складаўся з дзвюх частак. У першай частцы («Гістарычныя палажэнні») сцвярджалася, што суверэнітэт Беларусі мае вытокі яшчэ ў Полацкім Княстве і Вялікім Княстве Літоўскім, а абвяшчэнне БССР было нічым іншым, як следствам існавання БНР. Аўтары праекта абвінавачвалі ва ўсіх бедах Беларусі бальшавікоў і Расію, абвяшчалі нелегітымнымі Дагавор аб утварэнні СССР 30 снежня 1922 г., а таксама тэрытарыяльныя змены, звязаныя з Рыжскім мірам 18 сакавіка 1921 г. і перадачай Літве Вільні і Віленскага краю 10 кастрычніка 1939 г. У гэтай частцы аўтары праекта ўсю віну за Чарнобыльскую катастрофу ўсклалі на кіраўніцтва СССР.

Другі раздзел пад назвай «Дэкларацыя» абвяшчаў, што палітычны суверэнітэт Беларусі можа рэалізавацца толькі ў форме незалежнай нацыянальнай дзяржаўнасці, а незалежнасць Беларусі — натуральнае і галоўная ўмова забеспячэння правоў і свабод грамадзян. У другім раздзеле ўтрымліваліся наступныя патрабаванні: пацвердзіць незалежнасць Беларусі згодна з трэцяй устаўной граматай ад 25 сакавіка 1918, прыняць назву «Беларуская рэспубліка», прыпыніць ў дачыненні да Беларусі дзеянне дагавора 1922 г., склікаць Усебеларускі Устаноўчы Сход (Сойм).

Фармальным пунктам адліку беларускай дзяржаўнасці парламенцкай апазіцыяй БНФ быў прапанаваны 25 сакавіка 1918 г. — дзень абвяшчэння БНР. Выступаючы перад дэпутатамі 24 ліпеня 1990 г, Зянон Пазьняк даказваў ім, што БССР з’яўляецца штучным бальшавіцкім утварэннем, між іншым як БНР узнікла на аснове шырокага народнага прадстаўніцтва.

Праект апазіцыі выклікаў вострыя дыскусіі, шмат пытанняў. Напрыклад, дэпутат Аляксандр Лукашэнка пытаўся ў Зянона Пазняка, ці ёсць эканамічныя перспектывы «у так называемого белорусского государства», колькі павінна налічваць армія незалежнай Беларусі. Лідар БНФ упэўнена адказаў, што эканамічныя перспектывы ёсць, а армія павінна налічваць не больш за 50 000 чалавек.

Улічваючы склад дэпутацкага корпуса, шанцаў на тое, што праект БНФ будзе зацверджаны, практычна не было. Па выніках галасавання праект БНФ атрымаў усяго 47 галасоў. Па сваёй ступені нацыянальнай самасвядомасці большасць дэпутатаў была проста не гатова да прыняцця такой рэдакцыі Дэкларацыі. Агульнае парламенцкае крэда да праекта Дэкларацыі БНФ найбольш удала выказаў дэпутат Лукашэнка: «То, что предложено группой БНФ, заслуживает внимания, но мы до этого не созрели и не доросли. Вопрос стоит так: приступить сразу, немедленно к этой большой государственности или идти к этому спокойно, через какой-то переходный период. Я за второе. Если бы я знал, что сегодня можно прыгнуть на эту высокую ступень и не ошибиться, я бы проголосовал за это. Но я этого не знаю. Документ должен быть четким и кратким. Суверенитет сам по себе предполагает экономическую независимость и т.д. Зачем это все размазывать? Я до большего понимания не созрел. Думаю, и мои избиратели, которые меня сюда направили, до этого еще не созрели, а мы сегодня действуем в интересах своих избирателей. Я за спокойное развитие наших событий, без прыжков, без скачков».

Асноўны змест праекта групы Глушкевіча быў ў наступным. У прэамбуле праекта гаварылася, што Дэкларацыя прымаецца, зыходзячы з трэцяй устаўной граматы БНФ ад 25 сакавіка 1918 г. Праект групы Глушкевіча пацвярджаў дзяржаўны суверэнітэт Беларусі як натуральную і неабходную ўмову існавання беларускага народа. У праекце абяшчаліся дзяржаўнасць беларускай мовы, роўнасць формаў уласнасці, ліквідацыя на тэрыторыі рэспублікі ўсіх ракетных базаў, права на ўласнае войска, органы дзяржаўнай бяспекі, грашовую адзінку.

Праект групы Глушкевіча не выклікаў вострых баталіяў і атрымаў толькі 57 дэпутацкіх галасоў.

Дэкларацыя была прынята за адзін дзень, але дыскусіі вяліся ледзь не па кожнай літары.

24 ліпеня 1990 г. за аснову быў прыняты праект камісіі. Па словах Шушкевіча, гэты праект быў больш «левы», не такі радыкальны. Ён набраў 208 галасоў. Мікалай Дземянцей заклікаў кожнага дэпутата пры абмеркаванні праекта «вложить в него душу».

Абмеркаванне афіцыйнага праекта пачалося 27 ліпеня 1990 г. Дэпутатамі было вырашана праводзіць галасаванне па праекце простай большасцю, г.зн. больш за палову ад колькасці зарэгістраваных кандыдатаў. Прапанова дэпутата Віктара Ганачара аб неабходнасці правядзення галасавання канстытуцыйнай большасцю (дзве трэці галасоў) была адхілена.

Была зацверджана назва гэтага заканадаўчага акта. Справа ў тым, што на абмеркаванне дэпутатаў былі прапанаваны тры назвы: Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце БССР; Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі; Дэкларацыя аб незалежнасці Беларусі. Народныя выбраннікі без ваганняў падтрымалі першы варыянт.

Складанасці пачаліся з прэамбулы, у выніку чаго дэпутаты вымушаныя былі галасаваць не толькі па частках, але нават па сказах. Напрыклад, асобнае галасаванне праводзілася па сказе «выказваючы волю народа Беларускай ССР».

Вострыя дэбаты таксама разгарнулі і наконт таго, што рабіць з суверэнітэтам: альбо пацвярджаць яго, альбо толькі абвяшчаць. Дэпутат Лукашэнка выказаўся наконт гэтага наступным чынам: «Моя мотивация: суверенное мы государство или нет? Коль Декларацию мы принимаем, значит, нет. Вот слова Даля: декларация — объявление, оглашение, провозглашение. Ожегова: официальное торжественное заявление. Давайте подумаем, как лучше записать». У выніку дэпутаты не зацвердзілі прэамбулу з першага разу.

Пры абмеркаванні праекта Дэкларацыі падавалі розныя заўвагі і прапановы. Адны паспяхова прымаліся, іншыя — не. Так, была адхілена прапанова Віктара Ганчара, згодна з якой «да стварэння новай канстытуцыі БССР на яе тэрыторыі дзейнічаюць палажэнні Канстытуцыі 1978 г., якія не супярэчаць дадзенай Дэкларацыі». Віктар Ганчар выказаў рэзкі пратэст, матывуючы яго тым, што Дэкларацыя і дзеючая Канстытуцыя БССР 1978 — гэта два розныя дакумента, якія супярэчаць адзін аднаму.

Дэпутаты таксама праігнаравалі прапановы апазіцыі БНФ: аб назве праекта — скасаванне абрэвіятуры БССР (Юрый Беленькі), нормы аб пацверджанні суверэнітэту Беларусі (Зянон Пазняк), пераемнасці БССР ад БНР (Зянон Пазняк), неабходнасці парламенцкай рэспублікі (Зянон Пазняк), аб размяшчэнні і парадку выкарыстання аб’ектаў уласнасці замежных краін на тэрыторыі Беларусі на дагаворнай аснове (Зянон Пазняк), аб адраджэнні нацыянальна-культурных і гістарычных сімвалаў (Алег Трусаў), аб забароне дзейнасці на Беларусі арганізацый і палітычных партый, якія падпарадкоўваюцца замежным цэнтрам (Аляксандр Шут), аб абавязковай ратыфікацыі ўсіх юрыдычных актаў, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Беларусі (Уладзімір Заблоцкі), аб выключэнні з праекта тэрміна «сацыялізм» (як трапна заўважыў Лявон Баршчэўскі: кампучыйскі альбо шведскі?).

Некаторыя прапановы, унесеныя парламенцкай апазіцыяй, усё ж былі ўключаны ў тэкст Дэкларацыі. Напрыклад, па прапанове Зянона Пазняка ў артыкул шосты ў адносінах да тэрыторыі было зацверджана слова «непадзельная»: «Заўтра ў нас з’явіцца партыя, якая абвесціць рэспублікай Віцебскую вобласць». Гэта цалкам абвяргае выдумкі былога кіраўніка Савета Міністраў Вячаслава Кебіча пра тое, што БНФ быццам бы выступаў за стварэнне асобнай Палескай рэспублікі. Таксама была падтрымана фармулёўка Уладзіміра Заблоцкага аб увядзенні ў рэспубліцы пасады Генеральнага пракурора.

Зацвярджэнне восьмага артыкула можна лічыць перамогай БНФ. Па прапанове Зянона Пазняка былі прыняты папраўкі аб патрабаванні БССР аб кампенсацыі ад Масквы за Чарнобыльскую катастрофу і выкарыстанні суверэнітэту Беларусі для выратавання грамадзян ад наступстваў атамнай аварыі. У выніку галасавання цалкам артыкул быў прыняты 245 галасамі з 251 зарэгістраваных дэпутатаў.

Трыумфальна быў зацверджаны дзявяты артыкул Дэкларацыі: пры галасаванні цалкам «за» выказалася 232 народных выбранніка, «супраць» — ніводнага з 251 зарэгістраваных. Дэпутаты дружна галасавалі за функцыянаванне беларускай мовы ва ўсіх сферах грамадскага жыцця, захаванне гістарычнай сімволікі і г.д. Гэта выклікала радасць «куратара» артыкула Ніла Гілевіча. Расчулены паэт пад апладысменты заявіў, што «сённяшняе стаўленне» дэпутатаў да культуры «яму спадабалася».

Цалкам іншая сітуацыя склалася з дзясятым артыкулам. Дэпутаты розных палітычных поглядаў выказвалі ўзаемавыключальныя думкі аб бяспекавых перспектывы Беларусі. Калі апазіцыя БНФ настойвала на ўласных беларускіх Узброеных Сілах, то, напрыклад, прадстаўнікі арганізацыі ветэранаў вайны і працы патрабавалі наогул прыбраць гэты тэрмін. Так, ветэран-дэпутат Міхаіл Сасноўскі быў перакананы, што «мы, белорусы, вряд ли сможем создать все роды войск». Па прапанове М. Дземянцея артыкул быў прапушчаны, і парламентарыі перайшлі да наступнага артыкула.

Артыкул адзінаццаты быў крытычна ўспрыняты апазіцыяй БНФ. Так, Валянцін Голубеў прапанаваў выключыць прапанову аб правах БССР ўступаць і выходзіць з саюзаў, спаслаўшыся на трэцюю частку артыкула першай Дэкларацыі. Аднак яго ініцыятыва не была падтрымана: «за» прагаласавала 124 дэпутат з 251 зарэгістраваных.

Супраць той часткі артыкула, дзе гаворка ішла аб удзеле Беларусі ў падпісанні дагавора Саюза Суверэнных Сацыялістычных Дзяржаў, выступілі Алег Трусаў і Леанід Баршчэўскі. Трусаў прапаноўваў заключаць з іншымі рэспублікамі больш надзейныя двухбаковыя дагаворы. Аднак М. Дземянцей актыўна лабіраваў палажэнні дадзенага артыкула. Сваім апанентам ён прыводзіў наступны контраргумент: «Ни Россия, ни Украина не исключила из своих Деклараций необходимость заключения нового договора, хотя мы знаем размер, материальную, интеллектуальную потенцию этих республик».

Калі дэпутаты 184 галасамі падтрымалі фармулёўку адзінаццатага артыкула ў рэдакцыі камісіі, То З.С. Пазняк заявіў, што «мы суём галаву ў пятлю», і тады парламенцкая апазіцыя дэманстратыўна пакінула Авальную Залу пасяджэнняў Вярхоўнага Савета. Больш за тое, З.С. Пазьняк заявіў, што гэты Вярхоўны Савет «няздольны прыняць Дэкларацыю».

Дэмарш БНФ выклікаў абурэнне прадстаўнікоў кансерватыўных колаў парламента. Дэпутат Дзмітрый Сыракваш заявіў, што зыход групы БНФ «достоин сожаления», а гэта акцыя мела на мэце «сорвать конструктивный диалог».

Праз шмат гадоў дзеячы БНФ Зянон Пазняк і Сяргей Навумчык сцвярджалі, што сыход дэпутацкай групы БНФ быў псіхалагічным ходам, разлічаным на тое, каб Дэкларацыя была хутчэй прынятая, бо камуністычная большасць часта галасавала «насуперак БНФ».

Пасля адзінаццатага артыкула дэпутаты вярнуліся да дзясятага. Да дадзенага артыкула была прапанавана папраўка дэпутата Леаніда Прывалава: «Беларуская ССР мае права на ўласныя Узброеныя Сілы, якія вырашаюць свае задачы ў рамках Канстытуцыі СССР». Супраць гэтай папраўкі выступілі практычна ўсе дэпутаты. Шушкевіч заўважыў, што Канстытуцыя СССР не прадугледжвае стварэнне беларускай арміі. Іншыя дэпутаты (Яўген Новікаў) сцвярджалі, што ў аснову Дэкларацыі пакладзены прыярытэт беларускіх, а не агульнасаюзных законаў. Пад ціскам парламента Л. Прывалаў вымушаны быў зняць сваю папраўку.

Пры абмеркаванні дзясятага артыкула праблемы паўсталі па той яе частцы, дзе гаворка ішла аб нейтралітэце і бяз’ядзернай зоне. Дэпутаты ад апазіцыі патрабавалі зацвердзіць такую фармулёўку, якая б прадугледжвала адназначнае абвяшчэнне нейтралітэту Беларусі, а яе тэрыторыі – бяз’ядзернай зонай. Аднак за гэтую прапанову прагаласавалі толькі 64 дэпутаты з 237 зарэгістраваных. Таму парламентарыі задаволіліся больш мяккай фармулёўкай, якая абвяшчала, што Беларуская ССР толькі ставіць перад сабой мэту стаць нейтральнай і бяз’ядзернай дзяржавай: «за» прагаласавала 229 дэпутатаў з 237 зарэгістраваных.

Пасля дзясятага артыкула наступіла чарга апошняй часткі прэамбулы. Шушкевіч зачытаў дзве папраўкі, якія набралі з пяці папярэдніх найбольшую колькасць галасоў. У першай папраўцы гаварылася аб урачыстым пацверджанні дзяржаўнага суверэнітэту Беларусі, у другой — аб яго ўрачыстым абвяшчэнні. Фактычна пытанне стаяла аб тым, ці існавала ў мінулым беларуская дзяржава. Першая папраўка набрала 128 галасоў з 241 зарэгістраваных, а другая – 155. Дземянцей і Шушкевіч не хавалі свайго расчаравання вынікамі галасавання па дадзенай частцы прэамбулы. Шушкевіч нават заявіў, што мы, маўляў, на гэтым тыдні не прымем Дэкларацыі.

Выхад з тупіка прапанаваў дэпутат Анатоль Вярцінскі. На яго думку, яшчэ быў «рэзерв» для таго, «каб зблізіць два падыходы». Для гэтага ў другі варыянт, які набраў 155 галасоў, перад словамі «дзяржаўны суверэнітэт», неабходна было дадаць «рэальны, або поўны». Прапанова настолькі спадабалася дэпутатам, што Вярцінскі сарваў буру апладысментаў. У выніку за фармулёўку, паводле якой БССР урачыста абвяшчала «поўны дзяржаўны суверэнітэт», прагаласавала 204 дэпутаты з 241 зарэгістраваных. Астатнія прапановы апошняй часткі прэамбулы таксама былі зацверджаны станоўча.

Вострыя дэбаты разгарэліся па апошнім, дванаццатым артыкуле. Першапачатковая яго рэдакцыя гучала так: «Гэтая Дэкларацыя з’яўляецца асновай для распрацоўкі Канстытуцыі Беларускай ССР».

Здавалася, праблема вырашана, бо за гэтую рэдакцыю прагаласавала 212 дэпутатаў з 241 зарэгістраваных. Аднак дэпутат Віктар Ганчар заявіў, што ў такім выглядзе дадзены артыкул не можа быць прыняты. На яго думку, да дадзенага артыкула абавязкова патрэбна папраўка аб тым, што да ўступлення ў сілу новай Канстытуцыі Беларусі на яе тэрыторыі дзейнічаюць толькі тыя палажэнні Канстытуцыі Беларускай ССР ад 1978 г., якія не супярэчаць дадзенай Дэкларацыі. В. Ганчара падтрымалі дэпутаты Віктар Кулакоў, Аляксей Камай і інш. У выніку М. Дземянцей быў вымушаны аб’явіць перапынак.

Пасля перапынку адказны за дванаццаты артыкул дэпутат Валерый Курдзюкоў, які ўзначальваў камісію па справах моладзі, прапанаваў дэпутатам іншую фармулёўку артыкула: палажэнні дадзенай Дэкларацыі рэалізуюцца Вярхоўным Саветам шляхам прыняцця новай Канстытуцыі, законаў БССР праз заключэнне дагавораў з іншымі суверэннымі дзяржавамі. За гэтую фармулёўку прагаласавала толькі 126 дэпутатаў з 235 зарэгістраваных. Дэпутат Альберт Кавалёў, які выступіў пасля галасавання, заклікаў падтрымаць менавіта гэтую фармулёўку. Ён даказваў, што яна дазволіць удасканальваць «нашы законы», заключаць дамовы з іншымі дзяржавамі. Яго падтрымаў дэпутат Уладзімір Грыбанаў, які сцвярджаў, што такая фармулёўка артыкула надасць Дэкларацыі лагічную завершанасць, таму што «дома без крыши не бывает».

Прыхільнікам такой фармулёўкі артыкула ўдалося схіліць большасць парламента ў сваю карысць. Дземянцей пагадзіўся на паўторнае галасаванне па дзвюх фармулёўках.

Шушкевіч зачытаў першую фармулёўку на беларускай мове: «Дадзеная Дэкларацыя з’яўляецца асновай для распрацоўкі Канстытуцыі Беларускай ССР, законаў БССР», а другую – на рускай: «Палажэнні дадзенай Дэкларацыі рэалізуюцца Вярхоўным Саветам Беларускай ССР шляхам прыняцця новай Канстытуцыі, законаў БССР». Беларускамоўная фармулёўка набрала 155 галасоў з 232 зарэгістраваных, а рускамоўная – 220 галасоў. Цалкам за артыкул у другой фармулёўцы прагаласавала 229 дэпутатаў.

Потым узяў слова дэпутат Паўлоўскі і нечакана прапанаваў вярнуцца да дзявятага артыкула. Ён выступіў супраць тэрміна «нацыянальная супольнасць». Дэпутат быў перакананы, што «мы такім запісам пакрыўдзілі іншыя нацыянальнасці» і заклікаў вярнуцца да слова «нацыянальнасць». Паўлоўскаму даў тлумачэнне Гілевіч. Па перакананні паэта, супольнасць — больш падыходнае слова. Яно выступае як сума ўсіх людзей адной нацыянальнасці (палякі, габрэі і г.д.). Спытаўшы Паўлоўскага, ці задаволены той тлумачэннем і атрымаўшы станоўчы адказ, Дземянцей прапанаваў галасаваць па праекце ў цэлым. Дэкларацыя была зацверджана 229 галасамі з 232 зарэгістраваных. «Супраць не выказалася ніводнага дэпутата», не было і ўстрыманых.

Па прапанове дэпутат Анатоля Вярцінскага 27 ліпеня быў абвешчаны святочным днём. За гэта прагаласавала 210 дэпутатаў з 232 зарэгістраваных.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0