28 ліпеня ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі адкрыецца выставачны праект «Вялікая прэзентацыя музейных рэліквій «79 прыступак углыб гісторыі».

«У двух выставачных залах мы сабралі звыш за дзве тысячы музейных прадметаў са сваіх дваццаці калекцый, — распавёў дырэктар музея Алег Рыжкоў. — Праект прымеркаваны да выхаду ў свет вялікага ілюстраванага альбома «Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь». Так мы вырашылі пазнаёміць шырокую публіку з тым, што збірае, вывучае і захоўвае наш музей.

Несумнеўную цікаўнасць наведвальнікаў выклічуць рэдкія дакументы першай паловы ХІХ ст., грашовыя знакі часоў паўстання пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі. Са старадаўніх геаграфічных карт будзе прадстаўленая карта Мінскай губерні 1800 года. Нямала такіх экспанатаў, якія публіка ўбачыць ўпершыню, напрыклад, мандаліну працы італьянскіх майстроў двухвекавой даўніны.

«Думаю, ніводная жанчына не пройдзе міма вітрын, у якіх мы выстаўляем люстэрка фірмы «К. Фабержэ» і рускія какошнікі канца XVIII ст., — адзначыў дырэктар музея. — На выставе прадстаўленыя рэдкія музычныя інструменты, антычныя манеты, а таксама калекцыі гадзіннікаў, медалёў, мэблі… У поўным аб'ёме экспануецца калекцыя слуцкіх паясоў і іх фрагментаў. Большасць прадметаў адносіцца да так званага даіндустрыяльнага грамадства, яны сагрэтыя рукамі майстроў…

На адкрыццё выставачнага праекта запрошаныя ўсе, хто меў дачыненне да выдання ілюстраванага альбома «Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь». Гэта гісторыкі, навукоўцы, афарміцелі, а таксама партнёры з ААТ «Прыорбанк», які аказаў музею фінансавую падтрымку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?