Вярнулася з адпачынку — а ў паветры выразна пахне мярцвячынай. Гэта Анатоль Лябедзька цягне са склепа нябожчыкаў, каб яны дапамаглі Аляксандру Лукашэнку стаць легітымным, а свету — упершыню за многія гады прызнаць вынікі «выбараў» і сказаць: усё, вось цяпер нарэшце Лукашэнка — не нейкі там узурпатар, а кіраўнік, які перамог у сумленным паядынку.

Сітуацыя да нядаўняга часу была яснай: усе палітычныя структуры апошнія пяць гадоў казалі пра немагчымасць удзелу ні ў якіх выбарчых кампаніях, пакуль у турмах застаюцца палітвязні. І Анатоль таксама: у 2012 годзе АГП за дзень прыняла рашэнне аб зняцці ўсіх кандыдатаў з выбараў у «палатку», паколькі за кратамі застаюцца палітвязні. А што, хіба сёлета сітуацыя змянілася?

Мікалай Статкевіч застаецца ў турме, Мікалаю Дзядку дадалі яшчэ год зняволення, Юрый Рубцоў пасля «хіміі» апынуўся ў СІЗА і атрымаў тэрмін. Вылучэнне Мікалая Статкевіча як спосаб паспрабаваць вызваліць яго з турмы — гэта зразумела. Менавіта для таго многія годныя людзі ўвайшлі ў яго ініцыятыўную групу. А раптам?.. Але групу Мікалая Статкевіча не зарэгістравалі. Затое зарэгістравалі столькі ўсякага народу, які выклікае адзіную асацыяцыю — з анекдотам пра ліліпутаў і мышэй. І на гэтым усе спробы Лукашэнкі выдаць тое, што адбываецца, за выбары павінны былі скончыцца. Ну хто з паважаючых сябе і радзіму беларусаў ірване ў адным забегу з мышамі? А хто ў свеце прызнае гэты забег нармальным спаборніцтвам?

І вось тут на дапамогу дыктатару прыходзіць Анатоль Лябедзька. Працягвае руку дружбы: не дрэйфь, я цябе падтрымаю ў гэтым забегу, я стану тым, хто сваёй прысутнасцю ператворыць мышыную беганіну ў сапраўдны чэмпіянат, і нават самыя строгія міжнародныя суддзі не асмеляцца ўсумніцца ў тваім чэмпіёнстве.

Але аднаго Лябедзькі, трэба думаць, сцэнарыстам здалося мала. І вось ужо дастаюць са склепа нейкага Раманчука, чыё палітычнае жыццё скончылася 20 снежня 2010 г. сумна вядомым выступам на беларускім тэлебачанні і млявым поціскам рукі Лукашэнку. І цяпер гэты мярцвяк, ад якога смярдзіць, ахвотна раздае інтэрв'ю, у якіх распавядае, што той ўчынак быў — высокамаральным. Ён, аказваецца, ратаваў Анатоля. Ні больш, ні менш. І выратаваў: Лябедзьку адзінага ня асудзілі, а адпусцілі з мірам, і цяпер ён можа ўдзельнічаць у «выбарах» без усялякіх абмежаванняў, і наогул — у турме Анатоль пасядзеў, але крымінальнай справы, аказваецца, зусім і не было. Калі б хто-небудзь вельмі захацеў падставіць Анатоля Лябедзьку, лепшага спосабу не прыдумаць.

Часам сапраўды лепш жаваць, чым казаць. «Маральны» ўчынак гэтага смярдзючага мерцвяка ў прамым эфіры быў, аказваецца, выратаваннем Анатоля. Паколькі гаворка ў тым выступе ішла пра мяне і маю сям'ю як галоўных арганізатараў масавых беспарадкаў, то рызыкну выказаць здагадку: былы кандыдат ад АГП ратаваў Лябедзьку, абмяняўшы яго на мяне і майго сына, па якога неадкладна прыехалі пільныя таварышы з органаў апекі. Карацей, ратаваў сябра ад турмы цаной свабоды жанчын і дзяцей. Вядома, гэта па-сапраўднаму высокамаральна. Затое пасядзеў Толік, аказваецца, без крымінальнай справы — і выйшаў, выратаваны, без суда і судзімасці, без усялякіх абмежаванняў. Потым, праўда, нешта расказваў пра уплывовых сяброў, якія яго вызвалілі з турмы. І цяпер мы ведаем, хто гэты «ўплывовы сябар».

Ды і сам Анатоль чамусьці пачаў бездапаможна вяшчаць ва ўнісон з мерцвякамі. Раздаваць інтэрв'ю пра тое, як гераічна, вітаючы арышты жанчын, Раманчук яго выратаваў. І пра тое, як кандыдаты ў прэзідэнты падпісалі паперы аб супрацоўніцтве з КДБ, а ён, лідэр АГП, спакойна выйшаў.

Толя, ты сам хоць зразумеў, што сказаў? Сцвярджаць такое можна толькі ў двух выпадках: калі ты сам працуеш у КДБ і бачыў гэтыя паперы або калі ты ходзіш разам з «падпісантамі» у адзін і той жа час да аднаго і таго ж куратара за інструкцыямі. Іншых варыянтаў няма. Хіба што — Анатоль, як і яго «ўплывовы сябар», таксама паўтарае тэкст па паперцы, напісанай іншымі. Ні ў адно, ні ў другое надта не хочацца верыць.

Так ужо атрымалася, што сёння Анатоль Лябедзька — адзіны, хто можа выцягнуць лукашэнкаву «выбарчую кампанію» і дамагчыся прызнання дыктатара. Менавіта гэта ён цяпер і робіць. У той жа час менавіта Лябедзька можа канчаткова зламаць гульню Лукашэнкі, калі здыме сваю кандыдатуру. Таму што тады на тым бяздарным нацюрморце застануцца толькі Лукашэнка і мышы — бо нават ката́ не зарэгістравалі. Цяпер жа на палатне — Лукашэнка, мышы і Лябедзька. Толік, ты там яўна лішні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?