Лідар КНДР Кім Чэн Ын прысутнічаў на вучэннях ВПС народнай рэспублікі, якія назваў «падрыхтоўкай да вайны з ЗША і Паўднёвай Карэяй».

Фота: EPA/KCNA/HANDOUT

Фота: EPA/KCNA/HANDOUT

Як паведаміла агенцтва ЦТАК, Кім Чэн Ын зрабіў гэтую заяву па выніках візіту на ваенную базу Кальма недалёка ад партовага горада Вансан на ўсходнім узбярэжжы краіны.

Трэніроўка, якую ЦТАК назваў «ваенна-паветранымі спаборніцтвамі», была праведзена з нагоды 62-й гадавіны падпісання пагаднення аб перамір'і па выніках Карэйскай вайны 1950—1953 гадоў.

Гэты конкурс «павінен здзейсніць радыкальны паварот у вучэннях, накіраваных на падрыхтоўку да вайны, поўнай жадання звесці рахункі з амерыканскімі імперыялістамі і групай паўднёвакарэйскіх марыянетак, якія, ахопленыя праамерыканскай псіхапатыяй, распальваюць супрацьстаянне паміж суайчыннікамі», цытуе ЦТАК лідара КНДР.

Начальнік паўночнакарэйскага Генштаба Ры Ён Гіль, які таксама прысутнічаў на паказальнай трэніроўцы лётчыкаў, у сваёй прамове адзначыў, што Карэйскі паўвостраў цяпер знаходзіцца на мяжы вайны, якая па маштабах не саступае канфлікту 65-гадовай даўніны. Ён таксама абвінаваціў ЗША і Рэспубліку Карэю ў «хлусні» і нагнятанні «ваеннай істэрыі».

ЦТАК не паведамляе, калі менавіта адбыліся вучэнні. Гадавіна заканчэння Карэйскай вайны адзначаецца 27 ліпеня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?