Вытворчасць вайсковых судоў на дынамічнай паветранай падушцы — экранапланаў — было спыненае з канцом гісторыі СССР з-за недахопу фінансавання. Цяпер Расія плануе зноў вырабляць экранапланы ў выглядзе ўдарных баявых комплексаў з крылатымі ракетамі, паведаміла РІА «Новості».

Экранаплан «Лунь» падчас выпрабаванняў у 1980-я, фота wikimedia.org

Экранаплан «Лунь» падчас выпрабаванняў у 1980-я, фота wikimedia.org

Экранаплан — хуткасны (ад 400 км/г) апарат, які ляціць на вышыні да некалькіх метраў ад паверхні вады, зямлі, снегу ці лёду. Адрозніваецца высокай жывучасцю, эканамічнасцю ў палёце, грузападымальнасцю, малазаўважнасцю (з-за нізкай вышыні палёту). Таксама экранапланам не патрэбныя аэрадромы.

«Тэма экранапланаў аднаўляецца ва ўдарным выкананні, як «Лунь» — носьбіт крылатых ракет. Будаўніцтва павінна пачацца пасля 2020 года ў Ніжнім Ноўгарадзе», — сказаў прадстаўнік камандавання ВМФ РФ.

«Лунь» — савецкі баявы экранаплан, пабудаваны для Каспійскага мора ў 1986 годзе і ўжо спісаны і закансерваваны. Меў даўжыню каля 74 метраў, вышыню 19,2 метра, хуткасць 500 км/г. Узбраенне — 6 пускавых установак супрацькарабельных ракет П-270 Маскіт. Быў выраблены толькі адзін такі лятучы карабель з 8 запланаваных.

Пры ўсіх плюсах экранапланы не сталі папулярным баявым сродкам у свеце — яны маюць нізкую манеўранасць, не могуць ляцець па-над складаным ландшафтам, патрабуюць высокай цягаўзброенасці для старту і пры старце спажываюць шмат паліва.

Раней паведамлялася, што ў дзяржаўнай абароннай замове РФ на 2011-2020 гады сродкаў на распрацоўку і будаўніцтва экранапланаў не прадугледжана.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?