Член палаты прадстаўнікоў кангрэса ЗША ад штата Каліфорнія Дана Рорабакер 3 жніўня ў Мінску на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам прапанаваў Беларусі і ЗША павысіць узровень дыпламатычнага прадстаўніцтва, паведамляе дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА.

«Мы хочам прасоўваць мір і супрацоўніцтва ў межах рэгіёну і паміж дзяржавамі ўсяго свету, і я спадзяюся, што гэтыя мірныя намаганні распачнуцца менавіта сёння і атрымаюць сваё развіццё», — сказаў амерыканскі парламентарый.

На яго думку, першым крокам у гэтым кірунку можа быць павышэнне ўзроўню дыпламатычнага прадстаўніцтва і вяртанне пасла ЗША ў Мінск і пасла Беларусі — у Вашынгтон.

Рорабакер адзначыў, што гэта першы за доўгія гады візіт кангрэсменаў ЗША ў Беларусь. «І гэты перыяд падзацягнуўся. Мы павінны былі абменьвацца візітамі часцей. Я спадзяюся, што гэты візіт проста першы з многіх, і ён адкрые новыя магчымасці для нашых узаемаадносінаў», — сказаў амерыканскі парламентарый.

«Я быў рады ўбачыць у Беларусі тое, што ўбачыў. І тая карціна, якая мне адкрылася, аддае належнае вашым намаганням і намаганням вашай краіны, якія былі зробленыя для народа. І я спадзяюся, што ў вас ёсць яшчэ многія рэчы, якімі можна ганарыцца, і што ў нас сапраўды існуе мноства сфер для супрацоўніцтва», — заявіў Рорабакер.

Нагадаем, колькасць супрацоўнікаў пасольства ЗША ў Мінску была скарочаная паводле патрабавання беларускага боку з 35 чалавек да пяці ў сакавіку 2008 года з-за ўвядзення ЗША санкцый да дзяржканцэрна «Белнафтахім» у сувязі з парушэннямі правоў чалавека. Неўзабаве пасля гэтага пасол Беларусі ў ЗША Міхаіл Хвастоў быў адкліканы з Вашынгтона для кансультацый, а Мінск па настаянні беларускага боку пакінула пасол Карэн Сцюарт. У 2014 годзе беларускі бок дазволіў павялічыць штат пасольства ЗША з пяці да шасці чалавек.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?