Злучаным Штатам неабходна пачаць нанава выбудоўваць адносіны з Беларуссю, заявіў журналістам член Палаты прадстаўнікоў Кангрэса ЗША ад штата Каліфорнія рэспубліканец Дана Рорабакер, наведваючы 3 жніўня ў Мінску Нацыянальную акадэмію навук.

«Нейкі час таму прэзідэнт ЗША казаў пра тое, што трэба пачаць перазагрузку ў адносінах з Расіяй, — нагадаў кангрэсмен. — Зараз мы можам казаць аб перазагрузцы [адносінаў з Беларуссю]. ЗША і ўсім краінам трэба паглядзець на сітуацыю з боку і падумаць, як можна палепшыць адносіны. Апошнім часам адносіны паміж ЗША і Беларуссю, ЗША і Расіяй развіваліся ў не вельмі пазітыўным кірунку і гэту праблему трэба вырашаць сумесна».

Супрацоўніцтва дзвюх краін у сферы навукі можа пасадзейнічаць «вяртанню нашых адносінаў у пазітыўнае рэчышча», сказаў Рорабакер. Паводле слоў кангрэсмена, вярнуўшыся на радзіму, ён у першую чаргу будзе «гаварыць аб уражаннях», якія ў яго склаліся пасля паездкі ў Беларусь. «Нас спрабуюць пераканаць, што Беларусь і Расія варожыя нашай краіне, але падчас свайго візіту я не знаходжу гэтаму пацвярджэння», — сказаў амерыканскі палітык. 

«Я ў першую чаргу буду гаварыць пра тое, што людзі тут добрыя, цудоўныя і не жадаюць нам зла. Прадстаўнікі ўрада мяне запэўнівалі, што Беларусь хоча паляпшэння адносінаў. Трэба сказаць, што асвятленне Беларусі ў нашай прэсе — негатыўнае, таму, калі я вярнуся, я паспрабую гэта выправіць», — паабяцаў Дана Рорабакер.

Дэлегацыя Палаты прадстаўнікоў Кангрэса ЗША прыбыла ў Беларусь 2 жніўня. Паездка праходзіць па ініцыятыве амерыканскага боку. У першы дзень візіту кангрэсмены наведалі месца гібелі ахвяраў сталінскіх рэпрэсій ва ўрочышчы Курапаты і тэрыторыю былога нацысцкага канцлагера ў Малым Трасцянцы.

3 жніўня дэлегацыя сустрэлася з прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам і намеснікам міністра замежных спраў Аляксандрам Гур'янавым. На сустрэчы з кіраўніком дзяржавы Рорабакер прапанаваў Беларусі і ЗША павысіць узровень дыпламатычнага прадстаўніцтва, а таксама вярнуць пасла ЗША ў Мінск і пасла Беларусі — у Вашынгтон. У сваю чаргу Лукашэнка запэўніў гасцей, што Беларусь была і будзе зацікаўленая ў падтрыманні паўнацэннага супрацоўніцтва з ЗША.

У панядзелак амерыканскія кангрэсмены таксама сустрэнуцца з кіраўніком Нацыянальнага банка Паўлам Калаурам. Завершыцца візіт 4 жніўня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?