У Беларусі праходзіць другі этап стварэння кірылічнай даменнай зоны БЕЛ. Пра цікавыя прапановы на аўкцыёнах «Нашай Ніве» распавёў hoster.by (ён жа — хостер.бел).

Ад 1 чэрвеня два разы на месяц праходзяць дабрачынныя аўкцыёны, на якіх можна купіць «прыгожыя» кірылічныя дамены — як па-руску (напрыклад, купил.бел), так і па-беларуску (купіў.бел). Такія дамены «раўнапраўныя» з лацінкавымі, спасылкі спрацуюць у любым сучасным браўзеры.

Найбліжэйшы аўкцыён пачнецца на сайце auction.cctld.by 5 жніўня, наступныя будуць праходзіць раз на два тыдні, апошні — з 28 верасня. Старт аўкцыёну а 12-й гадзіне дня, працягласць — тры дні.

На наступных аўкцыёнах будуць разыграныя шматлікія «прыгожыя» дамены, сярод іх і беларускамоўныя:

  • абібок.бел
  • беларускі.бел
  • лізінг.бел
  • мінск.бел
  • надвор'е.бел
  • прыпынак.бел
  • рамкі.бел

Калі баіцеся страціць прыгожы дамен, падаць заяўку на даданне дамена на аўкцыён можна на сайце hoster.by.

За час папярэдніх аўкцыёнаў самым дарагім беларускамоўным даменам быў таксі.бел — за яго аддалі 55 млн 600 тысяч, што больш чым у 100 разоў перавысіла мінімальную выйгрышную стаўку ў 500 тысяч. Самым дарагім беларускім кірылічным даменам на момант публікацыі ёсць авто.бел — за яго аддалі 315 млн.

Усе сродкі, выручаныя з аўкцыёнаў (за выключэннем 300 тысяч з лота — стандартнага кошту рэгістрацыі даменнага імя) накіроўваюцца на на падтрымку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. За першыя тры аўкцыёны (без уліку чацвёртага, што прайшоў 27-29 ліпеня) дзіцячым дамам Беларусі аказаная дапамога ў памеры 3,5 млрд рублёў (амаль 230 тысяч даляраў).

Пасля дабрачынных аўкцыёнаў стартуе апошні этап укаранення кірылічных даменаў — з 1 кастрычніка дамен БЕЛ можна будзе зарэгістраваць на агульных правах, так жа, як і дамен BY.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?