Віншую, таварышы! У Мінску на вуліцы Карла Маркса адкрыўся бар, дзе абслугоўваюць напаўголыя афіцыянткі. Называецца «Маямі».
Ад ахвотных працаваць не было адбою: далі абвестку ўкантакце, адбіралі па конкурсе.
Стаяць пірожныя на стойцы, ходзяць дзяўчаты ў трусах. Гэта будучыня Беларусі, сябры!
Наперад, дэпутаты ад Камуністычнай партыі Беларусі, наперад на вуліцу імя свайго ідэолага, якую вы не дасцё перайменаваць!
Наперад, Гігін! Адпачыць — справа прынцыпу.
Піва там па 30 тысяч за куфаль. Але ў Маямі ж прынята піць не півас, а кактэйлі. Таму бярыце з сабой тысяч па 200. Правярайце, каб было хоць тысяч 200 на вашых залатых крэдытках.
Асобна радуюся за міліцыянера, якога нанялі стаяць там на варце, каб хто, напіўшыся, не паваліў якую з гарсонак пад стол. Работа ў радасць!
Перападзе доля шчасця і мамам, і татам, і мужам афіцыянтак. Жанчыны будуць добрыя грошы дахаты прыносіць. А што? Чым гэта горш за тых, што аказваюць паслугі «суправаджэння» высокапастаўленых асобаў? Нічым.
«Бандароўна» — не ўзор нашага часу. Голыя бары даўно і паспяхова працуюць для турыстаў у Чэхіі і Гамбіі. А мы не з горшых.
Мы на гэта здольныя ў лепшай форме. Мы заўжды пераконвалі сябе, што нашы дзяўчаты — самыя прыгожыя ў свеце.
Калі ласка, мы іх вам прапануем.





