1965

4.І. Новы год сустрэў, п’ючы замест шампанскага розныя зёлкі ад прастуды. Сёння праводзіў Максіма ў армію. Службу будзе праходзіць у Баранавічах. Дамашнія крыўдзяцца на мяне, што не памог, як гэта робяць іншыя, вызваліць сына ад арміі.

15.І. Амаль цэлы дзень прайшоў у Баранавічах у Максімавай аўтарамонтнай часці. Гутарыў з яго камандзірамі. Прасілі прыехаць правесці ў іх літаратурны вечар. Паслаў у Маскву тэлеграму, што 25-га прыеду на пленум СП. Сёння ў СП адзначаем 60-годдзе А. Пальчэўскага.

2.ІІ. Чарговы салдацкі трыкутнік ад Максіма. Хворы. Абакралі яго да ніткі. Пісьмы яго зусім выводзяць мяне са строю. Дома — нараканні, слёзы. Не ведаю, калі кончацца і яго, і нашы пакуты.

15.ІІІ. У тыднёвіку Кultura — цікавы артыкул пра поп-арт — новую плынь у мастацтве, якая зарадзілася ў Злучаных Штатах Амерыкі, некаторыя лічаць яе рэакцыяй супроць абстракцыянізму. «Прадметнасць, канкрэт, награмаджэнне рэаліяў, апавяданне аб рэчах — вось рысы гэтай тэндэнцыі» (Е. Косан).

Прыехала Ядвіга. Расказала цікавую гісторыю пра свайго суседа, які закалоў парсюка і, нечага пасварыўшыся з жонкай, сказаў, што пойдзе павесіцца. Тая думала, што ён жартуе, і нат дала яму вяроўку. Але калі праз нейкі час выйшла ў сені і ўбачыла, што мужык сапраўды вісіць, перапалоханая, пабегла ў міліцыю. А ў гэты час да іх прыйшла суседка. Убачыўшы, што нікога няма ў хаце, схапіла кумпяк і хацела ўжо ўцякаць, ды раптам чуе голас вісельніка: «Пакінь хоць на памінкі…» Тут яна і абамлела. У гэты час вярнулася жонка з міліцыянерам і ў сенях застала непрытомную суседку, а за сталом свайго мужа, які расказаў, што ён хацеў пажартаваць, бо вешацца не збіраўся. Абвязаўшы сябе вяроўкай пад пахі, ён толькі інсцэніраваў сваё самагубства. За ўсе гэтыя яго жарты далі яму 15 сутак арышту, а суседку, ледзь жывую з перапуду, адвезлі ў бальніцу.

10.V. 3 П. Глебкам прыехалі ў Маскву. Вечарам пайшоў на спектакль «Укралі консула». У антракце напісаў навеяны маскоўскім дажджом верш:

Дрэнна стаяць пад дажджом
Пачынаючаму паэту…

12.Х. С. С. Арлоў пайшоў купляць плёнку для кінаапарата, а я вечарам пайду ў тэатр У. Маякоўскага на «Каўказскі мелавы круг» Б. Брэхта. Здаецца, заўтра раніцой самалётам ляцім у Будапешт. Дакараю cябе, што легкадумна згадзіўся паехаць у гэта чарговае і клапатлівае падарожжа.

3.ХІ. Заходзіў Міхаіл Ханінаў. Расказваў пра сваё жыццё, колькі яму давялося хлебануць гора на фронце, у партызанах, дзе і сёння аб ім па ўсёй Віцебшчыне ходзіць баявая слава — слава пра «Мішу Чорнага». А потым, калі быў арыштаваны і сасланы ў Сібір разам з усімі калмыкамі, як пакутаваў у прамерзлай зямлянцы, а пасля смерці жонкі гадаваў сваю асірацелую дачушку, як пад канвоем ездзіў у вобласць атрымліваць свой баявы ордэн. Страшны лёс выпаў на долю паэта і калмыцкага народа. Я гляджу на яго як чалавека, які пасля Дантэ прайшоў праз усе самыя страшныя кругі пекла.

Ужо трэці тыдзень ляжу з болем у сэрцы. Далі аб сабе знаць мае няспынныя камандзіроўкі і асабліва — апошнія, у Венгрыю і ў Польшчу.

21.ХІІ. Прыснілася: прыехала маці. Федзя прыцягнуў аднекуль наш стары грамафон, і пад яго ахрыплую музыку я прачнуўся.

Распачалася сесія Вярхоўнага Савета БССР. Усё яшчэ пасля хваробы не магу прыйсці ў сябе. Пішу навагоднія віншавальныя паштоўкі, тэлеграмы.

Выбралі мяне на сесіі старшынёй Вярхоўнага Савета рэспублікі. Віншуюць. А я з жалем думаю, што з вершамі, відаць, прыйдзецца мне развітацца. Прачытаў у кнізе О. С. Рэзніка, прысвечанай творчасці I. Сяльвінскага, які, відаць, не знае польскай мовы, глупейшую недарэчнасць: «I выхад для народа толькі адзін, падказаны сацыялістычнай рэчаіснасцю. Ты даб’ешся ратунку, Польшча, калі не будзеш паннай».

28.ХІІ. Казімір Зыберт расказаў пра маці дзвюх дачок Зінаіду Вітанаву з нашага Суража, якая доўга пасля вайны шукала згубленых у фашысцкім канцлагеры сваіх дачок. Яна помніла іх нумары. I вось адну з дачок знайшла ў Кракаве. Жыве яна ў сям’і нейкага прыватнага гандляра і сама стала гандляркай. Даведаўшыся, што сапраўдная маці жыве, адмовілася ехаць да яе і сустракацца. «Я думала, што яна ў Амерыцы»…

29.ХІІ. Памерла цётка Соня. Ездзіў з Ленай на Маскоўскі магільнік выбіраць месца для пахавання. Колькі я ні стараўся атрымаць на гэта дазвол, нічога не мог зрабіць, а некалькі рублёў хабару, якія некаму з пахавальнай канторы дала сястра, адразу ўсё вырашылі.

Сёлета з падпіскай на «Полымя» крыху лепш і перавалілі за шэсць тысяч. Усё роўна, для нашай рэспублікі — тыраж мізэрны. Усе нашы кіраўнікі тлумачаць гэта рознымі прычынамі, хоць ведаюць, што галоўнае — у катастрафічным скарачэнні беларускіх школ і ў ненармальным становішчы з беларускай мовай у рэспубліцы.

1975

7.І. Былі з I. Шамякіным у П. М. Машэрава. Амаль чатыры гадзіны гаварылі і пра літаратуру (тыражы, выкладанне беларускай мовы), і архітэктурныя помнікі, і сельскую гаспадарку.

Прыйшлі на памяць нейкія радкі: «Цень велізарнай птушкі прабягае па маім твары». А чые — не магу ўспомніць, хоць цэлы дзень хаджу пад іх уражаннем.

Званіў С. В. Марцалеў. Прапануе з’ездзіць з ім у Магілёў.

14.ІІ. Нарэшце звалілі мяне з ног розныя паездкі. Грып. Запаленне лёгкіх. А тут прыйшла сумная звестка: памёр М. П. Браўн. Пасля А. А. Пракоф’ева — гэта адна з найбольшых страт. Не стала харошага друга, паэта і перакладчыка, які шмат зрабіў на ніве ўмацавання нашых творчых сувязяў з рускай літаратурай. Вечарам заходзілі ў пераведы Шамякін, Вярцінскі, Грачанікаў, Макаль. Хацеў іх пачаставаць польскай «Зуброўкай», але яны спяшаліся на вячэру з Верчанкам. Званіў з Кішынёва Е. Букаў, але яму сказалі, што ляжу хворы.

«Чакаю спакою і ўваскрашэння з мёртвых», — напісана на магіле Фёдарава. Гэтага — на жаль — нельга напісаць на магілах нашых сучаснікаў.

Д. А. Сікейрас, аказваецца, быў у атрадах рэспубліканцаў у Іспаніі. Можа, ён сустракаўся і з «Герасімам». Мне трэба пабываць у Іспаніі, пад Ларыдай, дзе ён загінуў. Гэта памагло б мне ў рабоце над паэмай, да якой усё не магу прыступіць. Усё больш пераконваюся, што толькі вызваленне ад свайго сакратарства ў СП можа мяне выратаваць як паэта.

Мне здаецца, што зараз аб каханні і сэксе больш адважна пачалі пісаць жанчыны. Так — у Польшчы, у Балгарыі. Модным стала шумець аб лёсе рамана. Нат спецыяльна была праведзена міжнародная нарада ў Ленінградзе, на якой перажоўвалі гэту тэму нат сур’ёзныя пісьменнікі. Проста — фацэція!

А ў кіно ідуць даўжэзныя шматсерыйныя фільмы, нат глядзець не хочацца такую нудоту. Зараз ужо на экране не паказваюць героя адразу, а толькі па частках. I называюць гэта «псіхалагічным рысункам». Усё гэта не мае нічога супольнага з сапраўдным мастацкім наватарствам, з кандыдаўскім імкненнем да немагчымасці.

16.ІІ. Заходзіў У. Паўлаў. Прынёс рукапіс маіх вершаў пра каханне. Нешта, казаў, апалчыліся ў выдавецтве супроць назвы зборніка «Аvе Маrіа». А гэта, мне здаецца, лепш, як «Ты мая пчолка» П. Броўкі, што гучыць і наіўна, і сентыментальна.

20.ІІ. Быў у лечкамісіі. Невясёлыя справы. Знялі кардыяграму. Частыя перабоі. Званіў У. Караткевіч. Доўга па тэлефоне расказваў пра розныя свае прыгоды. Заўтра зноў трэба ісці на аналізы. Усё так дакучыла, што аж перасварыўся са сваімі дамашнімі.

Усё больш вызваляемся ад наіўнай веры ва ўсёмагутнасць чараў паэзіі. Нельга перабольшваць і выхаваўчага значэння літаратуры, бо ўжо даўно яна не займае свайго ранейшага прывілеяванага месца ў жыцці. I слова «пісьменнік» выклікае меншую зацікаўленасць, як словы «футбаліст», «штукар».

21.ІІ. Зноў і сёння завязалася з У. Караткевічам па тэлефоне працяглая бяседа. Цікавы і самабытны пісьменнік. Толькі любіць парысавацца. Катэгарычны ў сваіх прысудах. Каго любіць — хваліць без меры, каго ненавідзіць — чарніць і бэсціць.

А гэта з расказаў нашых дыпламатаў: калі на адным з банкетаў Радзівіл падняў тост за калгасы ў Польшчы, нехта спытаў у яго: як гэта трэба разумець. I той адказаў: «Радзівілы заўсёды былі прыхільнікамі буйной гаспадаркі».

Калі ў міністра Даніі спыталі, як іхняя краіна дабілася такіх поспехаў у сельскай гаспадарцы і ў чым таямніца гэтых поспехаў, той адказаў: «Наша масла самае смачнае, бо сяляне нашы чытаюць паэтаў».

22.ІІ. Мода, мода, мода! Відаць, гэта — сур’ёзная пошасць, якая часта кружыць нат разумныя галовы. Зараз многія памяшаліся на турызме і сэксе. Праўда, цяжка правесці граніцу паміж імі і сапраўдным мастацтвам, бо ўсё залежыць ад узроўню культуры чалавека.

Трэба навучыцца ў Гарацыя «смеючыся гаварыць праўду». Ніяк не ўдалося адмовіцца ад выступлення на нарадзе, прысвечанай 30-годдзю Перамогі.

Чаго толькі не наснілася ў мінулую ноч! Помню, наша маці заўсёды пачынала свой дзень з расказаў, што яна бачыла ў сне. А бачыла яна дзівы-дзіўныя і вешчыя.

23.ІІ. Многім здаецца, што лёс паэзіі вырашаецца ў Мінску, на Парнасе. Прызнацца, самыя неверагодныя задумы ў мяне зараджаліся ў маёй глухой Пількаўшчыне. У літаратурных сталіцах я толькі іх правяраў, прымяраў, як вопратку на кірмашы.

Ніхто яшчэ ў нас на ўвесь голас не сказаў пра розныя дапатопныя літаратурныя даследаванні, цытаты, фрагменты твораў, якія калісьці гучэлі ўзнёсла, паэтычна, а зараз гучаць парадыйна.

Дзве вартыя ўвагі сентэнцыі са «Шпілек»: «Перш за ўсё вывучаю меню, а потым — афіцыянта» і «Ніколі не грашыць — недаравальны грэх».

Пішам аб адлюстраванні рэчаіснасці, а каго гэта можа задаволіць?

За час хваробы прачытаў цэлую гару кніг. Слабая распрацоўка нашай гісторыі стварае ўмовы для з’яўлення розных псеўдагістарычных твораў.

Яшчэ раз прачытаў Сада. Вельмі пасрэдны пісьменнік. А ў прадмове — геній.

Некалькі былых капэзэбоўцаў прыслалі свае ўспаміны. Крыўдзяцца, што іх не друкуюць. А як іх друкаваць, калі рэчы бездапаможныя і надаюцца толькі для архіўных справак.

3.ІV. Каля будкі, дзе здаюць тару, бачыў аднаго з нашых маладых класікаў, які сядзеў на гары сваіх пустых бутэлек. Ён, як радэнаўскі «Мысліцель», быў так заглыбіўшыся ў газету, што нікога не заўважаў. Ды і я не асмеліўся нарушаць яго роздум, творчы спакой.

4.ІV.Вечарамі ў нас гараць усе электрычныя лямпкі, нат у закутках, дзе нікога няма. Мы з Любашай, не прывычныя да такога марнатраўства, ходзім за сваімі дамачадцамі ды гасім гэту нікому не патрэбную ілюмінацыю. I так — з вадой, з ядой. Не прывучылі мы дзяцей да ашчаднасці. Яны думаюць, што ўсё жыццё — «dolce vita».

6.ІV. Зараз у Маскве і ў нас усе гасцініцы запоўнены турыстамі. Відаць, хутка турызм перародзіцца ў стыхійнае няшчасце. Не застанецца ніводнага месца на зямлі, свабоднага ад гэтай пошасці — саранчы дваццатага веку. Памутнела ўжо і наша Нарач, абмялелі яе крыніцы, не стала ў ёй славутай сялявы, і парадзелі яе прыбярэжныя лясы.

Гартаю слоўнікі і радуюся, што нарэшце пачалі ў нас з’яўляцца дыялектныя слоўнікі, без якіх мова губляе свае рэгіянальныя вытокі, становіцца падобнай да ракі, закутай у бетонныя ці гранітныя берагі.

13.V. Думаю, што мне не трэба было спяшыць з друкаваннем сваіх «Лісткоў календара», бо тое, што скараціў, не аднаўлю ніколі. Памёр Р. Сабаленка. Ён напісаў пра мяне першы нарыс аб маёй паездцы ў Мінск у 1939 г. Друкаваць я яму не раіў, бо шмат было ў гэтым нарысе недакладнасцей, наіўнасцей. Званілі, каб з’ездзіў на 70-годдзе Шолахава ў Вёшанскую. Не ведаю, як мая Любаша справіцца з нашым дамашнім калгасам. Чорт ведае, колькі ў яе клапот. I з кожным годам іх прыбывае. Прыехаў Озга-Міхальскі. Была — казаў В. Панамароў — цікавая радыёперадача пра мяне, але я яе прапусціў. Апошнія часы вельмі мала чытаю. Так можна і адзічэць. Зноў трапіў у паласу юбілеяў, прыёмаў.

21.V. Лечкамісія. Палата №403. Перада мной тут ляжаў С. Грахоўскі. Лячуся ў вельмі сімпатычнай Ірыны Аляксандраўны Аляшкевіч. Яна, здаецца, мая суседка, з Маладзечаншчыны. Заходзіў мой стары знаёмы доктар Н. А. Хадзінскі. Адказаў на пісьмо нейкага I. I. Говара, які напісаў нарыс пра мяне. Не раю яму гэта друкаваць. Школьныя праграмы і так перагружаны рознай лухтой, рознымі рэбусамі.

29.V. Сустрэў на калідоры нашага кампазітара Вагнера. Цікавы чалавек і субяседнік. Адчуваецца, што шмат чытае, ведае нашу беларускую літаратуру, чым рэдка хто з кампазітараў можа пахваліцца.

3.VI. У Нясвіжы сустрэў Я. Бабосава, які прыехаў пасля трагічнай смерці сына падлячыцца. Заўтра пайду па ўрачах. А сёння слухаю канцэрт жаб, якіх даўно не чуў. Спыніўся ў палаце 63-й: пярэдняя, спальня, ванная, тэлевізар, радыё, халадзільнік, газавая пліта, самавар… I нашто ўсё гэта мне?

17.VI. Удалося па тэлефоне пагаварыць з Любашай. Завярае, што ў іх усё добра. А мне не верыцца. Не хоча, відаць, мяне непакоіць. Сказала толькі, што дрэнна сябе адчувае Міхась Ціханавіч. Трэба хутчэй вяртацца на Нарач. Купіў пару шклянак клубнікі. Толькі нейкая яна тут кіслая. Відаць, не хапіла ёй сонца. Сёння пахадзіў па Нясвіжы. Да чаго запушчаны горад, хоць ён і патанае ў зеляніне дрэў. На возеры п’яныя перавярнулі лодку. Нехта ўтапіўся. Ідзе рамонт старога касцёла, у якім, чуваць, захаваліся грабніцы Радзівілаў. Каля помніка воінам гарыць вечны агонь. Нехта ўсклаў на пліту букет рамонкаў. Вечарам разгулялася навальніца. Прысніўся Забэйда. Глядзіць на мяне праз запацелую шыбу акна і плача. I я расхваляваўся, выціраю слёзы. Трэба павіншаваць Кандрата Кандратавіча з прысваеннем яму звання Героя Сацыялістычнай Працы і наведаць у палаце старога М. С. Гурвіча ды, можа, вечарам схадзіць на фільм «Яны змагаліся за Радзіму».

18.VI. Пазычыў у бібліятэцы зборнік П. Броўкі з нуднай прадмовай С. Майхровіча. Падобнымі артыкуламі мы збанілізавалі многіх паэтаў.

Прыехаў мой цёзка — Я. I. Клімчанка. Ён быў членам Рэспубліканскай выбарчай камісіі. Казаў, у галасаванні прыняло ўдзел 99,97 прац..

5.VІІ. Масква. Быў на Сіўцавым Уражку. Накупляў лякарстваў. Бяда толькі, што яны не памагаюць. Усю ноч шумяць вуліцы, быццам па іх праносяцца сотні эшалонаў. Раніцой зайшоў А. I. Падабед. Дзяліўся надзвычай цікавымі сваімі партызанскімі ўспамінамі. Абяцаў паслаць яму апошнія нумары нашых беларускіх часопісаў. Купіў на Арбаце аднатомнікі Я. Купалы і Я. Коласа на рускай мове. Мне здаецца, нашы класікі недалюблівалі адзін аднаго. Праўда, гэта «няпрыязнь» ніколі не перарастала ў канфлікт двух шляхціцаў — Міцкевіча і Славацкага. Праз год дваццаць будзе ў нас зусім іншая літаратура. Яна павінна прасеяцца праз аб’ектыўную крытыку. А то вельмі ж у нас шмат «неприкасаемых» халтуршчыкаў з рознымі ахоўнымі граматамі і пасадамі.

21.ІХ. Нядзеля. Памёр Міхась Ціханавіч Лынькоў. Гэта смерць усіх нас асіраціла. Трэба званіць Кандрату, Пімену, Петрусю… I не магу…

13.Х. Зноў у Маскве. У СП юбілейны вечар С. Ясеніна, але я не змог пайсці, бо вельмі дрэнна сябе адчуваў. Прыдбаў у кніжным магазіне альбом рэпрадукцый К. Дунікоўскага, якога ў нас залічаюць да фармалістаў. Пабольш бы такіх фармалістаў!

14.Х. На днях вярнуўся з Азербайджана. У Куб’е неспадзявана падняўся ціск 120 на 220. Ледзь збілі ўколамі. I зараз яшчэ не магу прыйсці ў сябе. У маю адсутнасць вылучылі на Ленінскую прэмію мой апошні зборнік «Нарачанскія сосны». I дарэмна, бо зборнік гэты слабейшы, як папярэдні «Мой хлеб надзённы». I, агулам, лічу гэту задуму, ініцыятарам якой быў С. В. Марцалеў, безнадзейнай.

Пісьмо ад Федзі. Здохла карова на полі, аб’еўшыся бульбай. Трэба будзе памагчы яму набыць новую. Прыходзіў Лёня. Забраў на выстаўку свайго «Вандроўніка пад хвояй». Работа цікавая. Думаў, дома ўдасца крыху адпачыць, а тут безліч розных клапот і спраў. Заходзіў Язэп Семяжон. Расказваў пра сваю паездку ў Польшчу. Трэба ляцець у Арменію на вечар, прысвечаны 100-годдзю з дня нараджэння А. Ісаакяна.

19.Х. Паміж песімістычнай і аптымістычнай ацэнкай сітуацыі на свеце і ў нас павінна быць яшчэ і рэалістычная. I мне часцей трэба яе трымацца.

Не магу спакойна глядзець, як у нас дома марнуецца чыстая папера. Першыя свае чатыры зборнікі я пісаў на нейкіх абрэзках, купленых па зніжанай цане ў віленскай фірме «Папер», што мясцілася на Завальнай вуліцы, побач з магазінам славутага «Зінгера» і складамі сельскагаспадарчых машын 3. Нагродскага.

Нарэшце — пісьмо ад Міхала Забэйды. Жыве ён у нейкім абмежаваным свеце. Мо таму ў яго характары адчуваецца эгацэнтрызм і самазахапленне. Але хто з нас не хварэе на гэтыя хваробы? Самае галоўнае, што ён — непаўторны артыст. I гэта важней за ўсё.

7.ХІІ. Заходзіў учора да нас Ражко. Крыўдзіцца на ўсіх, што не друкуюць яго ўспамінаў. Расказваў ён Любашы пра нейкага Іваноўскага, які нясе несусветную лухту пра майго бацьку, якога, быццам, ён расстраляў. А Ражко яму і паверыў. Ёсць жа людзі, якім так і карціць некага ачарніць. Колькі пра мяне ходзіць чутак, што я горкі п’яніца, што на дачы нас абслугоўвае некалькі павароў і афіцыянтак. Нат Любаша, капаючыся ў агародзе, чула, як нейкія курортнікі гаварылі: «Бачыце, нат у выхадны дзень домработніцы не даюць адпачыць». А колькі розных расказваюць небыліц пра Купалу, Коласа, Крапіву. Ды амаль пра ўсіх пісьменнікаў, мастакоў… Галоўнае, калі пачынаеш пярэчыць гэтаму, — не вераць: «Ну, гэта вы заступаецеся за свайго брата. Мы лепш ведаем». I хоць працэнт п’яніц сярод прадстаўнікоў іншых прафесій — старшынь калгасаў, сельсаветаў і розных чыноўнікаў, якія без паўлітра не паставяць нават пячаткі, значна большы, слава ідзе пра пісьменнікаў: п’яніцы, гулякі, распутнікі.

9.ХІІ. Ездзіў у Вілейскі лясгас на паляванне, на якое запрасілі і мяне. Былі генеральныя консулы ПНР, ГДР, В. С. Смірноў, М. I. Дзялец і намеснік міністра лясной гаспадаркі У. П. Раманоўскі. Забілі двух ласёў і паранілі кабана, якога так і не знайшлі, бо было ўжо цёмна. Самае важнае — нахадзіўся і надыхаўся ў лесе пахамі смалы, прэлай лістоты і багунніку. Я і не знаў, што багуннік і зімой так моцна пахне. Мне ўдалося толькі раз стрэліць па параненым ласі.

Найбольшая ўдача выпала В. С. Смірнову, які паляваў пяцізарадным амерыканскім штуцарам..

16.ХІІ. Патоп слоў больш страшны, як патоп біблійны. Ад яго шуму ўсе мы сталі глухімі і перасталі чуць адзін аднаго.

29.ХІІ. Недзе чытаў, што вялікі гумарыст Бернард Шоу сімпатызаваў усім дыктатарам, а Кнут Гамсун і Г. Гаўптман — Гітлеру. Відаць, творчасць любога выдатнага пісьменніка не паддаецца поўнай расшыфроўцы. Пісаў жа А. С. Пушкін Вяземскаму: «Восхищаюсь храбростыю поляков (1830—31 гг.)… Все это хорошо в поэтическом отношении. Но всё-таки их надобно задушить, и наша медлительность мучительна». А як тады выглядае яго дружба з А. Міцкевічам?

31.XII. Гартаю замежныя ілюстраваныя журналы, якія ўсё больш адводзяць месца рэкламе сэксу. Відаць, ён хутка ахопіць і наша мастацтва, кіно, літаратуру, і на навагоднія ёлкі будзем вешаць другія цацкі. Бо як жа нам адставаць ад Еўропы? I тут не паможа ніякая цэнзура. Ацверазіць можа толькі яўны абсурд, да чаго мы не раз даходзілі і ў палітыцы, і ў іншых жыццёвых справах.

1985

4.І. Справы ў СП ускладняюцца. Патанаем у пустазвонстве, пасяджэннях, разважаннях і абмеркаваннях, пра што і як трэба пісаць. На што толькі марнуем час.

Штучнасць і пазёрства заўсёды вылазяць, як шыла з мяшка. Калісьці ў разгар спрэчкі Бялінскага і Герцэна гаспадыня запрасіла іх за стол. Бялінскі абурыўся, як можна садзіцца за стол, калі не вырашылі асноўнага пытання: ці існуе Бог?

13.І. Прачытаў харошую падборку вершаў Р. Барадуліна. Павіншаваў Пімена з вылучэннем яго кандыдатам у дэпутаты ВС БССР. 3 пісьменнікаў вылучаны і Н. С. Гілевіч. Гэтымі днямі Максім зноў едзе ў сваё Запаляр’е, у Інту. Амаль трое сутак будзе ў дарозе. Аказваецца, Флабер раней за Сталіна сказаў пра пісьменнікаў: «Пісьменнікі адказныя за чалавечыя душы». Адным словам — інжынеры.

25.І. Праслухаў апошнія паведамленні. Малеюць шансы на мірнае жыццё на зямлі. Ды і лёс самой зямлі становіцца праблематычным.

1.ІІ. Вечарам — у тэлевізары спартыўныя гульні, які ўсё больш становяцца школай шавінізму.

Не помню ў каго вычытаў: «Гюго робіць з мухі слана, тады калі сапраўдны пісьменнік павінен рабіць наадварот».

15.ІІ. Е. Вялюнскі піша, што ў «Музікальбрандэ» надрукаваны перакладзены на нямецкую мову мой верш і што ў Ірландыі Арнор Ганібальсон, які добра ведае польскую, рускую, украінскую і беларускую (!) мовы, збіраецца нешта перакласці з маіх вершаў. Цікавая звестка, толькі сёння мала яна мяне радуе.

22.ІІ. Быў на вечары 50-годдзя Рыгора Барадуліна. Толькі, як і ўсе такія вечары, зацягнуўся амаль да поўначы. Добра, што Н. М. Мазай памагла мне сваёй машыне дабрацца дадому.

Увесь час стаіць марозная і снежная зіма, якая падчысціць усе нашы скупыя запасы кармоў у калгасах.

15.ІІІ. У сувязі з абмежаваннем лімітаў, якія выдзяляліся на будаўніцтва школ, мастоў, дарог, вельмі цяжка дабіцца ажыццяўлення наказаў выбаршчыкаў, хоць звяртаюся і пішу ў розныя інстанцыі. Часамі толькі ўдаецца сяму-таму палепшыць жыллёвыя ўмовы ці вырашыць нейкія дробныя справы.

Вострай праблемай стала знайсці некага на работу дворніка, санітара, грузчыка, чорнарабочага, а грамацеямі хоць гаць гаці.

8.IV. Часта нашы мемуарысты, пішучы пра некага свае ўспаміны, больш пішуць пра сябе, і гэтым адбілі ўсякую ахвоту іх чытаць.

А. Кузьнеўскі ў інтэрв’ю для «Жыцця Варшавы» на пытанне, над якой кнігай зараз працуе, адказаў: «Не маю часу, нічога не пішу. Стаю ў чэргах за туалетнай паперай…» Ну, гэта яшчэ не так дрэнна, калі пану Кузьнеўскаму ёсць патрэба ў туалетнай паперы. Бывае горш.

10.IV. Мне здаецца, А. Адамовіч перахваліў раман Э. Скобелева: «О, такой человек не дает погибнуть надежде», «Мы с ней всласть наболтались на родном языке», «Душензизер обнаружил какую-то погрешность в туалете жены, потому что разъяренным чутьем зашипел оскорбительные слова», «Откровенность мне может вылезти боком», «Женщина в натуральном виде… это прекрасно», «На вид обыкновенная змея, но прекрасно смотрится на сковородке»…! I так на кожнай старонцы. Мова рамана нагадвае некаторыя шаблонныя выступленні нашых дыпламатаў, у падрыхтоўцы тэкстаў якіх аўтар набіў руку, калі працаваў у Міністэрстве замежных спраў.

12.IV. А на Нарачы — званіла Соф’я Захараўна — зноў у іх дом залезлі былі хуліганы, павыламвалі дзверы. У наступную суботу яна з Куляшовай збіраюцца ехаць на ўсё лета.

19.IV. Сёння — Вялікдзень. Калісьці ў гэты дзень у Пількаўшчыне збіралася ўся наша сям’я — сям’я хлебаробаў. Трэба было б пад’ехаць і пакланіцца іх магілам.

Як ва ўсім мы спазняемся! Часта вядзем спрэчкі аб сучаснасці, якая даўно ўжо стала мінуўшчынай. Каштоўнейшай рысай нашай паэзіі з’яўляецца заземленасць, заглыбленасць у людскія справы. А бяда, што не навучыліся пісаць коратка, усе захапляемся шматслоўем. Яшчэ Гётэ пісаў: «Я, магчыма, быў бы вялікім паэтам, калі б мой язык не аказаўся такім нястрымным…»

А К. Крапіва крыўдаваў, што сын і нявестка пакідаюць яго аднаго і едуць на курорты. А чаму і не ехаць за дармовыя грошы?

24.IV. Бесталкова мінаюць дні за днямі. А. Кузьнеўскі слушна піша пра швейцарцаў. Яны «зразумелі, што не маюць сваіх сыр’явых рэсурсаў — мусяць выкарыстаць адзіны, які маюць, — свае мазгі і свае далоні».

7.V. Стомлены вярнуўся з урачыстага вечара. Стомлены і фізічна, і маральна. Як арганізатары канцэрта маглі не ўключыць у сваю праграму ніводнай беларускай песні, ніводнага верша?

13.V. Усваталі мяне ў журы кінафестывалю. Чорт ведае, адкуль бяруцца гэтыя розныя мерапрыемствы? У гэтыя ж дні будзе яшчэ разглядацца і пытанне: як часопіс «Полымя» выконвае пастанову ЦК; будзе адзначацца 80-годдзе М. Шолахава і трэба збірацца ехаць на пасяджэнне камісіі па ахове прыроды ВС СССР… Набліжаецца юбілей Хлебнікава, якім, прызнацца, ніколі я не захапляўся.

26. V. Рэдакцыя «Смены» запрашае прыехаць на бяседу аб свабодным вершы. Адмовіўся. Хай аб гэтым спрачаюцца крытыкі. На гэту тэму я ўжо не раз выступаў і, агулам, лічу ўсё гэта пустой балбатнёй.

27.V. Пачалася кампанія супраць п’янства, у поспех якой вераць хіба толькі нашы кіраўнікі. Рэдактары і галоўліт — згубіўшы ўсякае пачуццё рэальнасці — пачалі выкідаць з усіх твораў сучасных і нат класічных усё, што напамінае аб спрадвечным чартоўскім зеллі. Вось і пішы праўду!

30.V. «Бліжэй да жыцця!» Яшчэ Рансар у сваёй паэтыцы раіў вывучаць усе рамёствы. Гартаючы «Кабзара», пераканаўся, як самы лепшы і дакладны пераклад бывае далёкі ад арыгінала. Беларускае: «Раве і стогне Днепр шырокі» і рускае «Ревет и стонет Днепр широкий» не маюць, не перадаюць магутнага гучання галоснага «э». У мяне заўсёды, калі слухаю гэту і песню, слёзы падступаюць да вачэй. Як цяжка на рубяжы дваццатага веку ўявіць нашу будучыню, бо яе, агулам, можа не быць.

18.VІ. Сёння быў у М. М. Слюнькова Н. С. Гілевіч. Вярнуўся з ЦК акрылены. Відаць, там яго ўгаварылі застацца на сваёй пасадзе першага сакратара СП.

1.VІІІ. Збіраюся на Нарач. А то там адна цяжкахворая Любаша ваюе з унукамі. Апынуліся мы з ёй, старыя, у бязвыхаднай сітуацыі. Калі звалімся з ног, не будзе каму і вады падаць.

21.VIII. Прачытаў Е. Пунда (Эзра Паўнда. — У. К.) і Эліота ў польскіх перакладах. Гісторыя знае многа выдатных майстроў, якія былі людзьмі нікчэмнымі. I таму, знаючы аб іх прафашысцкай дзейнасці, «в минуты жизни роковые», мне цяжка даць аб’ектыўную ацэнку іх творчасці, хоць, менавіта, апошняе і вырашальнае слова застаецца за творчасцю (Гамсун, Гаўптман…).

У «Новом мире» — пісьмы М. Цвятаевай. Божа, што за сумбур!

23.VІІІ. Наглядаецца фемінізацыя некаторых прафесій, у тым ліку — і пісьменніцкай. У іх (жанчын) мацней гучаць мінорныя матывы ў лірыцы. Відаць, меў слушнасць Флабэр, кажучы, што, каб іх вылечыць ад суму, «патрэбен не ідэал, а справа, патрэбен мужчына, дзіцё, любоўнік».

9.ІХ. Не зважаючы на забарону, яшчэ больш пачалі на вёсках гнаць самагонку. Бо, як казаў наш пількаўскі сусед: «Каб з людзьмі жыць, трэба піць». I тут нічога не параіш. У адной нашай Краснаўцы працуе некалькі самагонных апаратаў.

23.ІХ. У «Голасе Радзімы» цікавы артыкул А. Траяноўскага пра лужычан, пра іх культуру. Піша, што ў выдавецкіх планах іх «Домовіны» — мой зборнік казак. Ніколі не спадзяваўся, што мой «Бай» завандруе аж на берагі Шпрэвы, да нашых лужыцкіх пабрацімаў.

4.Х. Атрымаў ад Е. Вялюнскага ісландскі часопіс «Лесбок», у якім змешчаны адзін з маіх вершаў. Гэтымі днямі еду на сесію Камітэта па Ленінскіх і Дзяржаўных прэміях. Вязу з сабой усю дакументацыю аб вылучэнні кандыдатам на Ленінскую прэмію В. Быкава. Ёсць надзея, што сёлета Дзяржаўныя прэміі могуць атрымаць В. Дашук за дакументальны фільм і тэатр — за спектакль «Радавыя» А. Дударава.

20.Х. Вярнуўся з ясенінскіх урачыстасцяў Н. С. Гілевіч. Непрыемна, казаў, атрымалася з Р. Барадуліным, які павінен быў выступіць на вечары, а С. Міхалкоў даў слова Нілу, з якім таксама было дамоўлена. Чуваць, гром і маланкі абрушвае на сакратарыят і прэзідыум I. Шамякін за вылучэнне на Ленінскую прэмію В. Быкава.

Пыталася В. М. Шчадрына, ці змагу прыехаць на вечар Я. Райніса. Агулам, у нас, калі дазваляе здароўе і ты прыхільнік застольных бясед, можна нічога не рабіць, а толькі ездзіць і ездзіць, гасцяваць і гасцяваць, засядаць і засядаць у прэзідыумах… I гэта будзе залічвацца ў твой актыў начальствам больш як творчы даробак.

2.XII. Трэці дзень ляжу ў лечкамісіі. Разам са мной С. А. Пілатовіч. Ляжу з забінтаванай нагой. Да ўсіх хвароб далучыўся яшчэ тромбафлебіт. Наведаў і А. Бембель, які ляжыць у суседняй палаце. Невясёлыя і ў яго справы.

18.ХІІ. Сёння глядзеў мяне галоўны хірург аддзялення Я. А. Цалкішур. Адкуль у палешука такое прозвішча? Сэрца зусім разладзілася. Збіраюцца перавесці мяне ў рэанімацыю. Адно гэта слова кідае мяне ў жар. Шкада Любашы. Не мела яна за мной лёгкага жыцця. Неяк так склалася, што ніхто яе не мог замяніць ва ўсіх справах, не было каму ёй памагчы. А я — у сваіх няспынных раз’ездах, камандзіроўках.

21.ХІІ. Відаць, месца нараджэння яшчэ не акрэслівае нацыянальную прыналежнасць мастака. Міцкевіч нарадзіўся ў Беларусі, Славацкі і Гогаль — на Украіне, Конрад — у Польшчы…

25.ХІІ. Кансультаваў Г. I. Сідарэнка. Абнадзейвае, што яшчэ можна будзе жыць і працаваць. Прыпісаў: капельніцу, адэльфан, клафелін, цэланід (па 1/2), нітронг…

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?