Журналісты незалежных СМІ, якія ўзялі 4 жніўня інтэрв'ю ў Аляксандра Лукашэнкі, задаволеныя сустрэчай з прэзідэнтам і адзначаюць, што ён адказаў на ўсе пастаўленыя пытанні. 

«Я задаволены, на пытанні, якія я задаў Лукашэнку, ён адказаў. І адказваў у прыемным тоне: і пра выкарыстанне беларускай мовы, і пра Курапаты, і пра палітычных зняволеных. Урэшце я выпытаў, што Мікалая Статкевіча могуць вызваліць. Па-журналісцку гэта было цікава», — адзначыў у каментарыі БелаПАН журналіст «Радыё Свабода» Валерый Каліноўскі. 

Паводле яго слоў, ніякіх абмежаванняў падчас інтэрв'ю перад журналістамі не ставілася, акрамя таго, што давялося здаць мабільныя тэлефоны, аднак дазволена было карыстацца дыктафонамі і планшэтамі. 

Акрамя Каліноўскага ў зале на сустрэчы з кіраўніком дзяржавы прысутнічалі галоўны рэдактар партала tut.by Марына Золатава, карэспандэнт «Еўрарадыё» Зміцер Лукашук і прэс-сакратар Лукашэнкі Наталля Эйсмант. Карэспандэнта дзяржаўнага агенцтва БелТА, якое таксама перадавала паведамленні з месца падзей, у зале не было. 

Журналіст «Еўрарадыё» Зміцер Лукашук звярнуў увагу на тое, што адзіным тэхнічным абмежаваннем для запрошаных журналістаў была забарона на фота- і відэаздымку — гэтыя матэрыялы па выніках інтэрв'ю абавязалася даць прэс-служба прэзідэнта. 

«Я задаволены найперш тым, што выканана абяцанне кіраўніка дзяржавы, якое ён даў падчас студзеньскай прэс-канферэнцыі «Еўрарадыё» і «Радыё Свабода», — правесці з намі інтэрв'ю. Лукашэнка адказваў на ўсе пытанні, якія яму задавалі, ад нас ніхто не патрабаваў узгаднення пытанняў», — адзначыў Лукашук. 

Паводле слоў карэспандэнта «Еўрарадыё», ён задаў Лукашэнку «прыкладна дзесяць пытанняў рознай скіраванасці». «Я цікавіўся, ці памятае кіраўнік дзяржавы свае перадвыбарныя абяцанні, якія ён даваў у 2006 і ў 2010 гадах, спытаў пра тое, ці паляціць Лукашэнка на саміт ААН у верасні», — сказаў Лукашук. 

Галоўны рэдактар партала tut.by Марына Золатава ў каментарыі БелаПАН адзначыла: «Я задавала пытанні аб далейшым эканамічным развіцці краіны, якім прэзідэнт яго бачыць, і не магу сказаць, каб я атрымала выразныя адказы».

Інтэрв'ю прэзідэнта недзяржаўным СМІ адбылося 4 жніўня. Яно працягвалася прыблізна чатыры з паловай гадзіны. На сустрэчу ў Палац незалежнасці былі запрошаныя прадстаўнікі «Радыё Свабода», «Еўрарадыё» і партала tut.by.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?