Едзем з Соснаў (гэта шчэ далей за Шабаны). А там няслабы спуск такі, а потым пад’ём. І вось па гары гэнай, згорбіўшыся, бяжыць цётка. Мы з Настаю, канечне, спыняемся, і я крычу праз адкрытую фортку:
— Падвезці?
— Ага, ага, – адказвае акуратна прыбраная цётка і заскоквае ў машыну.
— Куды ж вы ляціце так? – запытваю я.
— Вой, пікет у міня ў магазіна начаўся.
— Да вы што! І што за пікет?
— Ну подпісі за кандзітата сабіраем.
— Ух ты, — зьдзівіўся я, — і за якога ж кандыдата пікетуеце?
— Ну за какова, за кандзідата Лукашэнку!
— А каб яго разарвала, вашага кандыдата! — засмяяўся я.
— Ні бойцесь, ні разарвёт, правіць будзіт доўга, — без ніякіх жартачкаў выдала цётачка.
— Дык глядзіце каб вам самім не разарвацца — у такі сквар па гарах бегаць.
— А што здзелаеш, работа такая… — сумна ўжо неяк адказала тая.
— Дык што, не па поклічы сэрца? — пратэставаў агітатара я.
— Какой покліч, — пачала нават скардзіцца суразмоўца, — сказалі ў школе: «Ідзі на пікет!» — і куды ты дзенешся?..
— Дык вы ў школе працуеце? — спытаў я спыняючыся ўжо ля паварота на краму?
— Так, у школе.
— Ну трымайцеся, бо нялёгка вам.
— Спасіба, спасіба вам бальшое.
У гэтай трагікамедыі, якую напаткалі мы на дарозе, самае трагічнае — тое, што гэтыя цётачкі, якія з-пад палкі разрываюцца, але пікетуюць за «дзействуюшчага», потым ідуць у школу і вучаць дзетак. А чаму яны могуць кагосьці навучыць? Што, такія настаўнікі могуць закласці прынцыпы маралі і справядлівасці? Што, цётачкі гэтыя няшчасныя могуць выхаваць у дзецях пачуццё патрыятызму і любові да Бацькаўшчыны? А калі да гэтай гісторыі мы дададзім тысячы іншых пра тое, як у школах і ўніверсітэтах на ўчастках для галасавання настаўнікі фальсіфікуюць выбары, карціна перад намі паўстане зусім жахлівая.
І я мяркую, што пасля таго, як рэжым Беларусі лясне (праз год ці праз 20 год, але ж ён лясне) і выплывуць на паверхню ўсе ягоныя зладзействы (хаця для людзей з вачмі і так усё на паверхні), настаўнікі — гэта першыя, хто павінен выйсці на плошчы і прынесці агульнанацыянальнае пакаянне за тое злачынства, якое чынілі яны некалькі дзясяткаў год — з пяцігодкі ў пяцігодку фальсіфікавалі для нас «прэзідзента». А потым спакойна ішлі ў школу і вучылі дзяцей праўдзе, справядлівасці і патрыятызму. Яны, «настаўнікі хлусні», павінны першыя выйсці на плошчы і першыя перад усім народам пакаяцца.





