Ураджай збожжавых сёлета чакаецца на ўзроўні 8,7-8,8 млн тон у свірнавай вазе супраць 9,1 млн тон летась. «Але хлеб у нашай краіне ёсць. І кошты на нашу прадукцыю не падымуцца», — заявіў на прэс-канферэнцыі ў сераду міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц.

У цяперашні час прыбраныя збожжавыя на плошчы 1,108 млн га (49,3% ад агульнай плошчы). На палях працуе больш за 10 тысяч збожжаўборачных камбайнаў. Валавы збор склаў 3,999 млн тон. Дзяржзаказ выкананы на 34%. Завяршыць уборку збожжавых плануецца на працягу 10-12 дзён.

Сярэдняя ўраджайнасць па краіне склала 36,1 цэнтнера з гектара. У асобных гаспадарках ураджайнасць значна вышэй. Да прыкладу, у агракамбінаце «Сноў» яна складае 102,1 цэнтнера з гектара.

«Бягучы год сваімі ўмовамі надвор'я ўнёс пэўныя карэктывы ў фарміраванне ўраджаю нашых паўднёвых абласцей і паўднёвых раёнаў іншых абласцей», — адзначыў міністр. Гомельская вобласць, Салігорскі, Слуцкі, Любанскі, Старадарожскі, Бабруйскі раёны адчуваюць недабор збожжа з-за адсутнасці атмасфернай і глебавай вільгаці.

Леанід Заяц адзначыў, што сабраных 8,7-8,8 млн тон дастаткова, каб забяспечыць краіну хлебам у поўным аб'ёме. «З мінулага года ў нас каля 1,5 млн тон засталося збожжа ў засеках», — дадаў ён. Гэта пераходзячы фуражны запас і каля 500 тысяч тон харчовага збожжа.

«Сёлета мы маем намер сфармаваць паўтарагадовы запас менавіта харчовага збожжа. Такія запасы нікому не перашкодзяць», — адзначыў міністр.

Больш за тое, Беларусь не плануе скарачаць экспарт мукі, які летась дасягнуў 50 тысяч тон. Цяпер актыўна паступаюць у Беларусь заяўкі з Масквы і Санкт-Пецярбурга на жытнюю муку.

Ураджай бульбы ў гэтым чакаецца на ўзроўні мінулага года — 1,1 млн тонн, а магчыма, і вышэй.

Пры гэтым Заяц упэўнены, што росту цэн на сельгаспрадукцыю з-за магчымага зніжэння ўраджаю не чакаецца. «У нас няма намеру спекуляваць на рынку для ўзняцця цэн», — запэўніў міністр.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?