Прымаючы сёння з дакладам прэм'ер-міністра Андрэя Кабякова, кіраўнік дзяржавы запатрабаваў ад урада выканання ўсіх сацыяльна-эканамічных паказчыкаў, запланаваных на 2015 год. «Я разумею, складанасці і цяжкасці. Але лічыце, што ў нас ідзе ў эканоміцы вайна, ваеннае становішча», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

«І мы павінны зрабіць усё для таго, каб вось у гэтых ваенных эканамічных умовах выканаць тыя задачы, якія перад сабой паставілі, і мы павінны іх вырашыць сёлета», — цытуе Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА. — Мае зямныя патрабаванні да ўрада ў тым, каб мы ўсё-такі выканалі тое, што паставілі перад сабой сёлета. Трэба абавязкова вырашыць тое, пра што я кажу. Зямное. Людзі не патрабуюць жа ад нас нешта звышнатуральнае, яны разумеюць, што мы працэнтаў на 80 трапілі ў гэты крызісны перыяд не па сваёй волі. Не мы таму віной».

Аднак «вылазіць з гэтага, напружваючыся да неймавернасці, давядзецца нам», падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. «Нікуды ад гэтага не дзенешся. Чакаць, што будуць лепшыя часы ў нашых суседзяў, на нашых рынках, не даводзіцца, вы бачыце, як развіваюцца падзеі. Таму давядзецца ісці, праламваючыся, канкуруючы, на іншыя рынкі. Гэта задача кожнага», — дадаў ён.

Лукашэнка нагадаў Кабякову пра тое, што «ў найбліжэйшай будучыні будуць абмеркаваныя стратэгічныя пытанні па развіцці краіны на наступную пяцігодку». «Не хачу папракнуць цяперашні ўрад у гэтым, але ў нас склалася практыка: калі нешта не атрымліваецца, значыць, трэба прэзідэнту ці грамадству падсунуць нейкія вялікія крокі ў будучыню, і прычым крокі не заўтрашняга дня (я ўжо не кажу пра сённяшні), а нейкай аддаленай перспектывы. І калі я знаёмлюся з такімі канцэптуальнымі рэчамі для нашай краіны, я заўсёды думаю пра тое, хто ж будзе выконваць тое, што мы сёння вызначым», — зазначыў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, «людзям трэба жыць не толькі заўтра (гэта, вядома, вельмі важна), але людзі жывуць сёння». «І мы павінны забяспечыць усё неабходнае для таго, каб людзі жылі нармальна», — заявіў Лукашэнка, падкрэсліўшы, што гэта не перадвыбарная рыторыка. «Мне ў гэтай рыторыцы, калі ўжо казаць шчыра, неабходнасці няма. І я на гэта не арыентуюся», — запэўніў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?