Створаная уладальнікамі «Еўраопта» ў Літве сетка крам Fresh market спыняе сваю працу. Дадзеную інфармацыю TUT.BY пацвердзілі некалькі не звязаных адна з адной крыніц.

Тут і ніжэй фота: DELFI

Тут і ніжэй фота: DELFI

Крамы гандлёвай сеткі Fresh market, што працуе апошнія дні, чакаюць пакупнікоў, якія хочуць атрымаць тавары танней, піша DELFI. Сёння тут даюцца зніжкі 15-20% на многія групы тавараў. Пры гэтым пакупнікоў чакаюць паўпустыя паліцы. На гэтым тыдні частка пастаўшчыкоў сеткі, якая дзейнічала каля двух гадоў, атрымала лісты з запрашэннем прыехаць забраць тавары.

Паводле дадзеных крыніц DELFI, крамы зачыняюцца ў два этапы. Апошні дзень працы адных крам — 6 жніўня, іншых — 9 жніўня.

У канцы ліпеня было паведамленне аб тым, што Fresh market спыняе гандаль праз інтэрнэт.

Сетка Fresh market, галоўнымі інвестарамі ў якой называюцца стваральнікі беларускага рытэйлера «Еўраопт» Сяргей Літвін і Уладзімір Васілько, бярэ свой пачатак з 2013 года. Супермаркеты плошчай 400-1000 кв. м адкрываліся ў спальных раёнах буйных літоўскіх гарадоў. Сетка пазіцыянавалася як аператар магазінаў фармату «ля дома», дзе заўсёды можна набыць свежыя прадукты.

Атрымаць інфармацыю аб тым, колькі канкрэтна цяпер функцыянуе гандлёвых аб'ектаў Fresh market, не ўдалося. Прагучалі розныя лічбы. На канец 2014 года ў Літве было адкрыта 26 крам пад брэндам Fresh market, вынікае з прэзентацыі для інвестараў кампаніі Літвіна і Васілько.

Кіраўнік Fresh market Саўлюс Урбонас адмовіўся ад каментароў парталу TUT.BY. Разам з тым літоўскай дзелавой газеце Verslo zinios ён пацвердзіў, што «крамы будуць зачыненыя». «Але мы трымаемся стратэгіі нічога не каментаваць», — сказаў ён.

«Думаю, сетка проста не вытрымала канкурэнцыі», — сказаў TUT.BY эксперт літоўскага рознічнага рынку. Літоўскі прадуктовы рытэйл з'яўляецца высока канцэнтраваным. Больш за 70% рынку займаюць пяць буйных гандлёвых аператараў (Rimi, Maxima, Iki, Norfa, Prisma). «Таму астатнім гульцам складана канкурыраваць на гэтым рынку», — рэзюмаваў суразмоўца.

Плюс да ўсяго нямецкая сетка Lidl рыхтуе да адкрыцця ў Літве каля 25 крам. «Шмат крамаў ўжо пабудавана. Яны цяпер набіраюць персанал. Думаю, што адкрыюцца ў гэтым годзе ці ў пачатку наступнага. Аднак удзельнікі рынку ўжо цяпер рыхтуюцца да гэтага. Напрыклад, Maximа знізіла цэны на вельмі многія тавары», — сказаў суразмоўца.

Пры гэтым крыніцы не выключаюць, што складаная сітуацыя на беларускім рынку, прэтэнзіі Мінгандлю спачатку да «Еўраопта», а потым і да афіліраванага «Дабранома», «вядома, не маглі не адбіцца на планах па развіцці ў Літве». Крыніца, знаёмая з Літвіным і Васілько, заявіла, што сітуацыя ў Літве ніяк не звязаная з дзейнасцю ў Беларусі. «Гэта абсалютна розныя праекты», — адзначыў ён. «Мы ніяк не звязаныя і не маем дачынення да Fresh market», — перадаў праз прадстаўніка старшыня савета дырэктараў «Еўрагандаль» (кіруе сеткай «Еўраопт») Андрэй Зубкоў.

У сераду, 5 жніўня, Дзяржаўная інспекцыя працы Літвы пачала праверку сітуацыі ва Fresh market. Да гэтага яе падштурхнулі работнікі сеткі, якія паскардзіліся, што «іх пад ціскам вымушаюць сысці добраахвотна, пры гэтым не выплаціўшы выхадных дапамог».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?