У «Прыгодах Тома Соера» быў эпізод, які адклаўся ў маёй галаве пад умоўнай назвай «як Том фарбаваў плот». Тому загадалі ў якасьці пакараньня пафарбаваць вялізны плот, і ён ужо з адчаем думаў, як з яго будуць кпіць суседзкія хлопцы. Але потым ён таленавіта павярнуў сытуацыю так, што фарбаваньне плота – гэта вялікая прывілея, якая ня кожнаму дадзеная. І суседзкія мальцы нават давалі яму розныя падарункі, каб толькі атрымаць гэтую магчымасць – пафарбаваць замест яго ягоны плот, выканаць ягоную працу.

З той пары (а гэта апошнія гадоў 30:) я прыблізна так і стаўлюся да любой працы і дзейнасьці – успрымаючы гэта як радасьць, сьвята і прывілей. Праўда, іншых на такое стаўленьне я не праграмую (хаця і мог бы — але пакідаю людзям свабоду выбару) – а прымяняю гэтую ісьціну выключна на сябе самога.. Памятаю, у войску ненавісны для многіх нарад на кухню быў для мяне сапраўдным сьвятам – у параўнаньні з штодзённым абавязкам дневальнага. Я быў настолькі задаволены зьменай дзейнасьці (і магчымасьцю нарэшце наесьціся), што разносіў ежу афіцэрам з усьмешкай і артыстызмам (як у кіно), на што адзін зь іх адразу адрэагаваў – «рядовой, што за х..ня?»

У гэтым сэнсе не магу зразумець, калі людзі спрачаюцца і нават сварацца з-за такіх рэчаў, як каму памыць посуд. схадзіць у краму ці пачысьціць бульбу. Прымяняйце «мэтад Тома Соера» і ўсе стане прыемным і жаданым. Абажаю хадзіць у крамы, гэта ж так цікава і пазнавальна. Чыстка бульбы – гэта ўвогуле любімы від спорту, стаўлю сэкундамер, ці магу я пабіць свой папярэдні рэкорд. Капаць градкі на лецішчы – увогуле вышэйшая праява нірваны: працуеш на сьвежым паветры, і радкі новых артыкулаў (і допісаў у ФБ) самі лезуць у галаву!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?