Купацца ў Мінску можна далёка не паўсюль, нагадвае санітарна-эпідэміялагічная служба сталіцы.

Да зон адпачынку ля водных аб'ектаў адносяцца толькі тыя вадаёмы і прылеглыя тэрыторыі, што зацверджаныя для выкарыстання ў рэкрэацыйных мэтах ва ўстаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь парадку і афіцыйна вызначаныя як «пляжы», нагадвае санэпідэмслужба. У мэтах выключэння рызыкі ўзнікнення інфекцыйных захворванняў, паражэнняў скуры і слізістых, траўмаў і іншых непрыемных момантаў, недапушчальнае купанне ў вадаёмах, не прызначаных для гэтых мэтаў.

Купацца нельга ў Свіслачы, Чыжоўскім і Лошыцкім вадасховішчах ды каналах Сляпянскай воднай сістэмы. Затое можна ў Заслаўскім вадасховішчы («Мінскім моры»), у Драздах і Крыніцы, Камсамольскім возеры, Цнянскім вадасховішчы, Вячы і Пцічы, дзе зладжаныя агулам 26 пляжаў.

На сённяшні дзень санэпідэмслужба не бачыць падстаў для абмежавання купання ў апошніх. Штотыдзень служба ацэньвае санітарны стан і добраўпарадкаванасць зон адпачынку, раз на два тыдні правярае ваду па паказніках бяспекі.

На Цнянцы ўвечары

На Цнянцы ўвечары

Каб адпачываць на пляжы бяспечна, важна:

  • не знаходзіцца ля вады ў стане алкагольнага ап’янення;
  • не дапускаць траплення вады ў стрававальны тракт;
  • выпіваць не менш за 1,5-2 літры вадкасці на дзень, аддаваць перавагу пітной вадзе, несалодкім натуральным сокам і зялёнай гарбаце;
  • насіць галаўны ўбор на адкрытым сонцы, насіць светлае адзенне з натуральнай тканіны;
  • намагацца быць у ценю, асабліва з 12-й да 3-й гадзіны дня;
  • абмяжоўваць час загару і выкарыстоўваць сонцаахоўныя крэмы (для дзяцей з фактарам абароны не менш за 40).

Нагадаем, вы можаце ўратаваць шмат жыццяў, прачытаўшы невялікі тэкст: Людзі тонуць не так, як вы думаеце.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?