Паводле вынікаў перамоў Аляксандра Лукашэнкі і прэм'ер-міністра Пакістана Наваза Шарыфа 10 жніўня ў Мінску падпісаны пакет з паўтара дзясятка дакументаў у сферы міжведамаснага, гуманітарнага, рэгіянальнага, міжвузаўскага супрацоўніцтва, а таксама дагавор аб дружбе і супрацоўніцтве паміж Беларуссю і Пакістанам.

Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, Лукашэнка адзначыў задаволенасць вынікамі перамоў. «Мы абмеркавалі шырокі спектр пытанняў, якія закранаюць розныя сферы двухбаковых адносінаў, абмяняліся меркаваннямі па актуальных міжнародных і рэгіянальных праблемах, што ўяўляюць узаемную цікавасць», — сказаў ён. Наваз Шарыф падрабязна праінфармаваў аб сітуацыі ў рэгіёне, дзе знаходзіцца Пакістан, і аб той разрадцы напружанасці, якая адбываецца ў тым ліку ў сувязі з намаганнямі кіраўніцтва Пакістана. «Мы гэта цэнім», — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

 

Ён падкрэсліў, што для Беларусі велізарнае значэнне мае развіццё і паглыбленне палітычнага дыялогу паміж дзвюма краінамі, умацаванне міжпарламенцкіх сувязяў, гандлёва-эканамічных адносінаў, а таксама пашырэнне дагаворна-прававой базы двухбаковага супрацоўніцтва.

 

Паводле слоў Лукашэнкі, бакі з задавальненнем адзначылі супадзенне пазіцый па многіх актуальных пытаннях міжнароднага парадку дня, пацвердзілі важнасць павышэння ролі ААН і яе інстытутаў у вырашэнні глабальных пытанняў забеспячэння ўстойлівага развіцця, умацавання бяспекі і стабільнасці ў свеце. 

Акрамя таго, пацверджаная сумесная гатоўнасць да пашырэння супрацоўніцтва ў сферы барацьбы з тэрарызмам, экстрэмізмам, нелегальнай міграцыяй, гандлем людзьмі, трансгранічнай арганізаванай злачыннасцю, незаконным гандлем зброяй і абаротам наркатычных сродкаў.

«У свеце такіх, як Пакістан, густанаселеных краін — шэсць. І ў залежнасці ад таго, якая будзе сітуацыя ў гэтых дзяржавах, наколькі яны будуць стабільныя, ад гэтага будзе залежаць клімат на нашай планеце. І тое, што Пакістан сёння паспяхова вядзе актыўную барацьбу супраць тых, хто дэстабілізуе становішча ў рэгіёнах планеты, і на гэта Пакістан паклаў не толькі велізарныя сродкі, але і жыцці сваіх сыноў, і перамагае — гэта велізарны ўнёсак у абарону міру і стабільнасці на нашай планеце», — сказаў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, Беларусь гатовая сур'ёзна абмяркоўваць магчымасці ўзаемадзеяння ў рэалізацыі шэрагу буйных праектаў у Пакістане, удзельнічаць у стварэнні пакістана-кітайскага эканамічнага калідора. «Мы проста абавязаныя выкарыстоўваць патэнцыял нашых (і Беларусі, і Пакістана) добрых адносінаў з Кітаем. І трохвугольнік Мінск — Пекін — Ісламабад, улічваючы ўзаемадапаўняльнасць кожнага ў геаграфічным і эканамічным сэнсе, можа стаць перспектыўнай формулай узаемадзеяння», — сказаў беларускі кіраўнік.

Лукашэнка лічыць, што беларуска-пакістанскія эканамічныя адносіны трэба развіваць больш дынамічна, не абмяжоўвацца толькі гандлем, а нарошчваць патэнцыял вытворчай кааперацыі і інвестыцый. «Мы добра ведаем, што ў Пакістане Беларусь асацыюецца перш за ўсё з аднайменным трактарам, гэтай машынай, у якой вельмі мае патрэбу Пакістан, а потым ужо — з краінай. На працягу многіх гадоў нам добра вядомыя пакістанскі рыс, тэкстыль, іншыя тавары», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. 

У сваю чаргу Наваз Шарыф заявіў, што ў Пакістане вельмі цёпла ўспрынялі нядаўні візіт Аляксандра Лукашэнкі. «Вы паклалі пачатак дружбе паміж нашымі краінамі, і сёння мы разглядаем наш візіт як працяг і далейшае ўмацаванне нашай дружбы», — сказаў ён, звяртаючыся да беларускага кіраўніка.

Прэм'ер-міністр Пакістана запрасіў Лукашэнку яшчэ раз наведаць яго краіну. «Цяпер, калі нашы адносіны становяцца ўсё больш моцнымі, я мяркую, што нам трэба часцей сустракацца», — лічыць Шарыф.

Пасля заканчэння перамоў адбыўся афіцыйны абед ад імя прэзідэнта Беларусі ў гонар прэм'ер-міністра Пакістана. Наваз Шарыф таксама пасадзіў дрэва на Алеі ганаровых гасцей Палаца Незалежнасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?