Усе пагляделі інтэрв’юшачку? Ну, ягоную —ім. Абмеркавалі, перасварыліся. А я не глядзеў.

Я кідаў паліць сто разоў. Як і завяшчаў Марк Твэн. З заўтрашняга дня, з панядзелка, з Новага года, з дня нараджэння. Я кідаў пераходам на лёгкія і суперлёгкія, з пераходам на электронныя з паніжэннем утрымання нікаціну ў рошчыне. Але сапраўды перастаў — калі перастаў і ўсё. Да гэтага часу замест таго, каб скіраваць свае сілы на тое, каб не паліць і радавацца, я даказваў сабе, што пара цыгарэт на дзень — не шкодна. Ці што электронныя — не шкодна. Ці што ад таго, што я буду курыць выключна «пад піва», нічога страшнага не здарыцца. Але здаралася і я, адпакутаваўшы без нікаціну, тыдзень-два, ізноў смаліў як паравоз. Інакш кажучы, сярод усіх унутраных мадальнасцяў дамінавала на самой справе – хаценненехацення хацення не хацець паліць. І таму паленне працягвалася. З інтэрвьюяванам нашым тое самае ў цэлым і праблемка — не Лукашэнка сам па сабе, а наша прага мець прэзідэнта адэкватнага нашым жа жаданням. За якога не сорамна. Які і хакеіст, і інтэлектуал. Які не проста «кідае рашку», а робіць нешта для падшэфных мільёнаў. І думаеш: ну вось на гэты раз ён жа сказаў, што «Крым не іх», дык можа… А вось яму Меркель руку паціснула, і гэта значыць…А вось ён Статкевіча ўзгадаў, і цяпер, бясспрэчна, нарэшце…Дык вось ні храна, дарагія мае. Ніхра-на. Калі муж адзін раз збіў жонку на горкі яблык – ні храна ўжо не будзе. Шчасцю капец. Калі нехта абакраў, абгаварыў іншага чалавека — ні хра-на. З гэтым чалавекам – усё, а нашы дабратлівыя і наіўныя спадзевы — гэта ад навязлівага жадання нежадання не жадаць Лукашэнку: цяжка некага не любіць так доўга і да таго ж настолькі бесперспектыўна. Хочацца спраўджваць жаданні, таму імкнешся да сінергіі. Так што гэта не ён нас падманвае, гэта мы хочам быць падманутымі.

Ён заўжды адзін і той жа чалавек. Калі заграбаў па стале сваімі рукамі-маркшэйдарамі падчас прэс-канферэнцыяў, калі даваў загады на ліквідацыю, калі саджаў, калі хіхікаў і танчыў з цёлачкамі ці цалаваў Сярдзючку, калі казаў пра апошняга прадпрымальніка, калі радаваў нас тым, што «крымненаш», калі казаў нам пра веліч беларускай гісторыі і сакавітую мову, калі ў чарговы раз «па просьбе народа» пайшоў на выбары і калі на іх бліскуча пераможа.

Ён быў адным і тым жа, скажам так, чалавекам: маленькім Сашам, студэнтам Сашам, дырэктарам саўгаса Аляксандрам. Зразумела, «сказаў» – гэта такое дапушчэнне, для яснасці. Сказаць па сутнасці Аляксандр Рыгорыч нічога асабліва ніколі і не мог, бо ён не носьбіт ідэяў, а носьбіт рэфлексаў. Таму абмяркоўваць ягоныя выступленні – значыць абмяркоўваць рэфлексы. Вам яны цікавыя? У чым?

Так што я, як чалавек, які паліць кінуў з сотага разу, вынес для сябе, акрамя шкоды, адну карысную думку: у свеце столькі людзей, якія не супраць таго, каб цябе, скажам мякка, «падмануць», так што хоць сам сябе пашкадуй, не падманвай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?