Журналістка расійскага Першага канала Кацярына Кібальчыч у панядзелак, 10 жніўня, наведала матч БАТЭ — «Дынама» Мінск на «Барысаў-Арэне». Сваімі ўражаннямі яна падзялілася ў фэйсбуку.

фота са старонкі Кацярыны Кібальчыч у фэйсбуку

фота са старонкі Кацярыны Кібальчыч у фэйсбуку

«Учора [у панядзелак] упершыню пабывала на Арэне ў Барысаве і, мабыць, гэта самы прыгожы стадыён, які сустракаўся мне ў жыцці. Стаіць такая лятаючая талерка. А вакол — лес, далей хаты, гноем пахне. Цуд.

Але яшчэ мацней уразіла класавая нянавісць на трыбунах. Гуляюць «Дынама» Мінск і БАТЭ Барысаў. Уявіце карціну. Мясцовыя дзяўчаты (устроеныя і размаляваныя, на шпільках), мужыкі, бабы, дзеці (пры бацьках) — усе ў голас крыюць матам мінскую каманду, асвістваюць (асабліва чарнаскурых дынамаўцаў), называюць пяцярых мінскіх дзядзькоў-заўзятараў (яны ў сініх шаліках) казламі («валі ў Мінск свой»). Калі футбаліст «Дынама» атрымлівае траўму — трыбуна ў радасным захапленні, нібы забілі гол. Гэта не фанаты, а проста народ, мясцовыя жыхары.

Я на футбол наогул рэдка хаджу. Не ведаю, можа так і трэба? Можа часта так??

Але ўсё роўна не зразумела. Вось узяць Барысаў — свая моцная каманда, Саша Глеб гуляе, круты стадыён, рэгіён не бедны. А паводзяць сябе, як пакрыўджаныя гопнікі. Як быццам і праўда талерку стадыёна ў лесе забылася іншая цывілізацыя. Ну, і Мінск учора выйграў 1:0.»

Допіс Кібальчыч выклікаў абмеркаванне ў фэйсбуку, учапіліся за гной, мат на расійскіх стадыёнах, адказаў ёй і галоўны рэдактар Tribuna.com Максім Беразінскі.

«Нехта Кібальчыч два разы пісала пра спорт і два разы напісала несусветную лухту. Кандэлакі, Кібальчыч, хто наступны? Часам лепш прастагнаць прапаганду на Першым. Не чапайце вы яшчэ і футбола», — напісаў Беразінскі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0