Групоўка з украінскіх хакераў і амерыканскіх біржавых брокерах зарабіла па звестках Камісіі па каштоўных паперах і фондавым рынку ЗША каля 100 млн даляраў на інфармацыі, атрыманай са скрадзеных прэс-рэлізаў розных карпарацый, піша Reuters. Абвінавачваюцца 9 чалавек.

Хакеры атрымлівалі доступ да карпаратыўных прэс-рэлізаў да іх публікацыі, што дазваляла брокерам атрымліваць прыбытак з акцый.

Напрыклад, у адным са скрадзеных прэс-рэлізаў Caterpiller паведамляў пра рост прыбытку на 36% — брокеры набылі акцыі на 8,3 млн даляраў, пасля публікацыі прэс-рэлізу акцыі падскочылі на 2%, што дала незаконны прыбытак у 1 млн.

Хакеры нават стваралі для трэйдараў відэаўрокі па выкарыстанні скрадзенай інфармацыі. Спецслужбы адзначаюць добрую кааперацыю між злачынцамі і іх цярплівасць.

Аб’ём скрадзенай інфармацыі і прыбыткаў называецца беспрэцэдэнтным. У рукі хакераў трапіла 150 тысяч прэс-рэлізаў сотні кампаній. З лютага 2010 года злачынцы куплялі і прадавалі акцыі больш за тысячу раз, грошы выводзіліся праз эстонскія банкі.

Ахвярамі крадзяжу звестак сталі сэрвісы PRNewswire, Marketwired і Business Wire карпарацыі Berkshire Hathaway — а праз іх кампаніі Boeing, Caterpiller, Hewlett-Packard, Home Depot і іншыя.

***

Адначасова з тым у ЗША адбылося яшчэ адно хакерскае здарэнне: хакеры «Ісламскай дзяржавы» сцвярджаюць, што апублікавалі асабістыя звесткі 1400 амерыканскіх вайскоўцаў і супрацоўнікаў Дзярждэпу.

Сярод апублікаванай інфармацыі імёны, нумары тэлефонаў, адрасы электроннай пошты і паролі, нумары крэдытных картак. Тэрарысты заклікаюць забіваць людзей са спісу. Міністэрства абароны сцвярджае, што ведае пра ўцечку, але не можа казаць пра праўдзівасць, дакладнасць і актуальнасць звестак, перадае NBC.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?